Беларусь наведае кіраўнік польскага Сенату
Дэлегацыя польскага Сенату на чале з маршалкам Станіславам Карчэўскім едзе ў Менск па запрашэнні старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясьніковіча. Пра гэта паведаміў сенатар польскай кіроўнай партыі «Права і Справядлівасць» ад Падляшша Ян Добжыньскі. Такі візіт патрэбны, польскі бок заўсёды быў адкрыты да супрацоўніцтва з Менскам – лічыць сенатар:
– Калі размова ідзе пра польскі бок, то мы заўсёды былі адкрытыя для Беларусі. Зараз адбудзецца візіт вельмі высокага рангу, але трэба памятаць, што міністр Вашчыкоўскі за апошні час два разы быў з візітам у Беларусі.
Візіт парламенцкай дэлегацыі Польшчы ў Беларусь пройдзе з 4 па 6 снежня . У складзе дэлегацыі з чатырох сенатараў між іншымі Станіслаў Гоган ад «Права і Справядлівасці», Анджэй Місёлэк ад «Грамадзянскай платформы», і дэпутат Сэйму Адам Андрушкевіч – сябра крайне правага нацыянальнага руху у Польшчы.
Як паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, запланаваныя сустрэчы Карчэўскага з кіраўнікамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу. Прадбачаны і ўдзел у пасяджэнні сесіі Савета Рэспублікі, каментуе лідар АГП Анатоль Лябедзька:
– Мне падаецца, што маршалак крыху спяшаецца. На марафонскай дыстанцыі, якой з’яўляецца сітуацыя ў Беларусі, ён спрабуе бегчы як спрынтар. Патрэбны дыялог з уладамі Беларусі, але ён мусіць быць абумоўлены. Перад тым, як разгортваць абдымкі перад прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, трэба каб яны ўсё ж такі здалі экзамен па самаму галоўнаму прадмету – наколькі яны гатовыя праводзіць выбарчыя кампаніі па стандартах АБСЕ.
Маршалак польскага Сенату таксама плануе сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком каталіцкай царквы ў Беларусі архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, а таксама з прадстаўнікамі польскай дыяспары і беларускай апазіцыі.
Прадстаўнікі 8 апазіцыйных партыяў і рухаў Беларусі запрошаны на сустрэчу з маршалкам Сената Польшчы, якая пройдзе 6 снежня. Паводле словаў лідара АГП Анатоля Лябедзькі, прадстаўнікі беларускай апазіцыі маюць шмат пытанняў і сумненняў адносна дыялогу на лініі афіцыйны Менск –Варшава:
– Мы чакаем, што маршалак агучыць, што ён прывёз у сваім партфелі для Беларусі, і натуральна маем сваю пазіцыю і па выбарчай кампаніі, якая адбылася, і па сённяшняй сітуацыі, а таксама агучым нашыя прапановы, што трэба рабіць.
У час візіту запланаваныя сустрэчы маршалка з кіраўнікамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота polradio.pl