Беларусь наведае міністр па гандлёвай палітыцы Вялікабрытаніі



Беларусь наведае міністр па гандлёвай палітыцы Міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі Джордж Холінгберы, паведаміў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч 2 траўня на сустрэчы з паслом Вялікабрытаніі Фіёнай Гіб, якая завяршае сваю дыпмісію ў краіне.

Гіб удакладніла, што візіт запланаваны на чэрвень. Міністр плануе ўзяць удзел у цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў і правядзе шэраг сустрэч для абмеркавання пытанняў двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Дыпламат падкрэсліла, што ў межах нядаўніх дэбатаў, якія прайшлі ў парламенце Вялікабрытаніі, „закраналіся пытанні і па Беларусі”. У прыватнасці з прамовай выступіў кіраўнік міжпартыйнай групы па Беларусі Джон Уітынгдэйл. Ён пазітыўна адазваўся аб сваім візіце ў Беларусь летась і падкрэсліў, што краіна раскрываецца для ўсяго свету, адзначыла Гіб.

„Мы — адкрытая краіна, вядзем шматвектарную палітыку, не сябруем супраць кагосьці і хочам, каб гэта было заўважанае і пазітыўна ацэненае”, — падкрэсліў на сустрэчы Мясніковіч.

Ён адзначыў, што перыяд працы Гіб у Беларусі „ўнёс пазітыўныя змены ў дыялог з Вялікабрытаніяй”. „Добра, што ў нас усталяваліся і развіваюцца міжпарламенцкія сувязі. Нядаўні візіт парламенцкай дэлегацыі Вялікабрытаніі ў Беларусь зняў многія пытанні і ўмацаваў давер паміж нашымі краінамі”, — дадаў спікер верхняй палаты.

Старшыня Савета Рэспублікі выказаў упэўненасць, што краіны маюць добрыя магчымасці для ўмацавання супрацоўніцтва. У прыватнасці ён „выказаў зацікаўленасць Беларусі ў супрацоўніцтве з Вялікабрытаніяй у сферы фармацэўтыкі, біятэхналогій, оптыкі і дакладнай механікі”. „У ліку перспектыўных праектаў, прапанаваных да рэалізацыі, — будаўніцтва фармацэўтычнага завода і вытворчасці зарадных станцый для электрамабіляў. У нашых краін ёсць для гэтага неабходныя веды і кампетэнцыі”, — падкрэсліў Мясніковіч.

Фіёна Гіб узначальвае пасольства Вялікабрытаніі ў Менску са студзеня 2016 года.

belapan.by