Беларусь наведае міністр замежных спраў ФРГ
Беларусь 17 лістапада з рабочым візітам наведае віцэ-канцлер, федэральны міністр замежных спраў Германіі Зігмар Габрыэль. Гэта першы з 1995 года двухбаковы візіт кіраўніка нямецкай дыпламатыі, адзначаецца ў паведамленні беларускага МЗС.
У рамках візіту запланаваная сустрэча Габрыэля з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Дыпламаты абмяркуюць „шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, перспектывы развіцця дыялогу па лініі Беларусь — ЕЗ, абмяняюцца думкамі па міжнародным і рэгіянальным парадку дня”. Пасля перамоў бакі дадуць прэс-канферэнцыю ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Германіі возьме ўдзел у XV Менскім форуме.
Габрыэль — віцэ-канцлер з 17 снежня 2013 года і міністр замежных спраў з 27 студзеня 2017 года. Член Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (быў яе лідарам з лістапада 2009 года па сакавік 2017-га), якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю з хрысціянскімі дэмакратамі канцлера Ангелы Меркель. Паводле вынікаў апошніх парламенцкіх выбараў СДПГ, як чакаецца, пойдзе ў апазіцыю. Перамовы аб стварэнні новай кааліцыі паміж партыямі, якія прайшлі ў бундэстаг, працягваюцца.
У лістападзе 2010 года Менск наведаў міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле. Гэта быў сумесны візіт з кіраўніком польскага знешнепалітычнага ведамства Радославам Сікорскім. У лютым 2015 года кіраўнік нямецкай дыпламатыі Франк-Вальтэр Штайнмаер разам з канцлерам Меркель знаходзіўся ў Менску на чатырохбаковых перамовах (Украіна — Германія — Францыя — Расея) па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе.
Фота DPA