Беларусь наведае прадстаўнічая дэлегацыя ЕЗ



Дэлегацыя Еўразвяза наведае Беларусь 24 лютага. Яе ўзначаляць намеснік генеральнага дырэктара Еўракамісіі па пытаннях суседства і перамоў аб пашырэнні Кацярына Мацернава і віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Ласла Бараняй.

ЕЗ Беларусь

Як паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык 18 лютага на брыфінгу ў Менску, у склад дэлегацыі таксама ўвойдуць прадстаўнікі генеральнага дырэктарата Еўракамісіі па эканамічных і фінансавых пытаннях, пастаяннага прадстаўніцтва Еўрапейскага інвестыцыйнага банка ў Маскве і Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі.

У праграме візіту — сустрэчы прадстаўнікоў ЕЗ з кіраўніцтвам Нацыянальнага банка, міністэрстваў эканомікі, фінансаў, замежных спраў і Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, паведаміў Мірончык.

„У межах візіту плануецца разгледзець становішча і перспектывы развіцця эканамічнага і фінансавага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўразвязам, а таксама магчымасці пашырэння ўзаемадзеяння Беларусі з еўрапейскімі і міжнароднымі фінансавымі інстытутамі”, — адзначыў прэс-сакратар МЗС.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) з’яўляецца фінансавым інстытутам ЕЗ. Яго асноўная задача — спрыяць эканамічнаму, сацыяльнаму і тэрытарыяльнаму адзінству Еўразвяза з дапамогай збалансаванага развіцця рэгіёнаў ЕЗ. Акцыянерамі банка з’яўляюцца 27 дзяржаў ЕЗ. На чале кіраўніцтва ЕІБ знаходзіцца савет кіраўнікоў, які складаецца з 27 міністраў фінансаў краін Еўразвяза. Банк прадастаўляе крэдыты ў асноўным з рэсурсаў, занятых з рынку доўгатэрміновага пазыковага капіталу, да якіх дадаецца частка капіталу акцыянераў. За межамі ЕЗ банк падтрымлівае стратэгіі краін — кандыдатаў на ўступленне, а таксама кіруе фінансавым вымярэннем пагадненняў, заключаных у адпаведнасці з праектам дапамогі ЕЗ краінам, якія развіваюцца.

Менск звяртаўся да Еўразвяза з просьбай аб фінансавай дапамозе шэсць гадоў таму. Пра гэта ў чэрвені 2009 года паведамляў Андрэй Харкавец, які тады займаў пасаду міністра фінансаў Беларусі. У лістападзе 2010-га часовы павераны ў справах ЕЗ у Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель заяўляў, што супрацоўніцтва Еўрапейскага інвестыцыйнага банка з Беларуссю залежыць ад агульнага ўзроўню адносінаў Бруселя з Менскам. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года, жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі ў Менску і арышту апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты беларуска-еўрапейскія адносіны былі некалькі гадоў фактычна замарожаныя. Больш за тое, ЕЗ увёў візавыя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Большасць гэтых санкцый былі скасаваныя 15 лютага гэтага года.

belapan.by