Беларусь наведае Рамзан Кадыраў



25 верасня адбудзецца візіт у Беларусь дэлегацыі Чачэнскай Рэспублікі пад кіраўніцтвам Рамзана Кадырава, паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык 21 верасня на брыфінгу ў Менску.

„У ходзе запланаваных сустрэч з кіраўніцтвам нашай краіны будуць прадметна абмеркаваныя актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння, а таксама шэраг перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва”, — сказаў ён.

У прыватнасці, удакладніў Мірончык, гаворка пойдзе пра паглыбленне прамысловай кааперацыі, пастаўках у Чачэнскую Рэспубліку грузавой, сельскагаспадарчай і пасажырскай тэхнікі беларускай вытворчасці, актывізацыі супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе, павелічэнне паставак прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі, прыцягненне беларускіх спецыялістаў да праектавання і будаўніцтву аб’ектаў у Чачні, нарошчванне экспарту беларускіх будаўнічых матэрыялаў.

Пра свой намер наведаць Беларусь Кадыраў заяўляў восенню 2016 года.

Першы раз гэта адбылося 17 лістапада пасля прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі расейскім СМІ. Лукашэнка, у прыватнасці, расказаў, што Кадыраў двойчы меў намер наведаць Беларусь, але кожны раз яму заміналі нейкія акалічнасці. „Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! Прызнаю віну. Абавязкова прыеду ў Мінск, калі дазволіць ваш працоўны графік. А ў Чачні мы вас чакаем заўсёды!” — напісаў Кадыраў у „Твітэры”.

20 лістапада ён пацвердзіў свой намер прыехаць у Мінск у інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1”. „На самай справе мы, як сказаў прэзідэнт, два разы збіраліся. Нас запрашалі. Спецыялісты па розных напрамках працавалі. На вялікі жаль, у нас не атрымалася, па розных прычынах. Я абавязкова збіраюся паехаць у Беларусь тады, калі будзе зручна для кіраўніцтва Беларусі”, — сказаў чачэнскі лідар.

Ён таксама пацвердзіў сваё запрашэнне Лукашэнкі наведаць Чачню. „Гэта будзе для нас вельмі важна і палітычна, і эканамічна, таму што на Каўказе, у Расеі яго вельмі любяць і паважаюць. Аляксандр Рыгоравіч — паважаны чалавек. Мы бачым, як ён абараняе інтарэсы сваёй дзяржавы. Кіраўніцтва Беларусі паказвае, што як яны, ніхто не перажывае за народ Беларусі, за дэмакратыю і росквіт”, — сказаў Кадыраў. БелаПАН