Беларусь наведвае парламенцкая дэлегацыя з Польшчы (абноўлена)



Беларусь наведвае парламенцкая дэлегацыя з Польшчы. Яе ачольвае сустаршыня польска-беларускай парламенцкай групы Сейма Адам Андрушкевіч. Візіт працягнецца з 11 па 13 красавіка.

„Падобны характар візіту польскіх дэпутатаў робіць яго карысным для рэжыма Аляксандра Лукашэнкі”, – лічыць сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

– Я безумоўна ацэньваю такія візіты негатыўна, калі яны адбываюцца закрыта. Мы не чулі ніякіх заяваў ад іх, заўтра будзе сустрэча з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў, прадстаўнікамі апазіцыі. Паглядзім, якая іх пазіцыя, але па ўсім відаць, што гэты візіт будзе на руку дзейснаму рэжыму, і гэта, безумоўна, вельмі сумна.

Дэпутат „Грамадзянскай платформы” Роберт Тышкевіч пракаментаваў сустрэчу:

– Гэты візіт адбываецца ў скрайне асімітрычных умовах, у сітуацыі калі ўлады беларускага парламента адмовілі афіцыйным беларускім дэпутатам у магчымасці прыезду ў польскі Сейм. Па-другое, гэты візіт адбываецца ў сітуацыі, калі ў Беларусі вяртаецца хваля рэпрэсій, візіт у беларускі парламент у гэтай сітуацыі нішто іншае, як прызнанне таго, што польскі парламент не мае ніякіх прэтэнзій адносна рэпрэсій. Па-трэцяе, скандалам з’яўляецца прадстаўленне правоў нацыянальных меншасцяў у Польшчы прадметам гандлю ў міжнародных адносінах.

Кажа старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы Яўген Вапа:

– Калі гаварыць пра рэальнасць беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, то трэба паслам, якія выказваюцца пра сітуацыю, найперш запытацца і дакладна азнаёміцца, якая ёсць рэальнасць. У Польшчы няма беларускага школьніцтва, ёсць польскае школьніцтва толькі з навучаннем беларускай мовы. Мы не маем уласнага тэлебачання, але згодна з законамі ўсе нацыянальныя меншасці маюць свае перадачы ў рэгіянальным маштабе, – і гэта ўсё мусіць вынікаць з законаў.

Візіт польскай парламенцкай дэлегацыі ў Беларусі — працяг цынічнай і прагматычнай палітыкі Еўропы і Варшавы да афіцыйнага Менску, адзначае Аляксандр Класкоўскі. Паводле палітычнага аглядальніка, узровень прадстаўніцтва дэлегацыі, на чале якой стаіць 26-гадовы дэпутат Адам Андрушкевіч, што ў 2015-2016 гадах узначальваў ультранацыяналістычную моладзевую арганізацыю «Млодзеж Вшэхпольска», паказвае, што беларускі бок таксама не мае асаблівых чаканняў ад візіту.

— Беларускія ўлады, я думаю, з нагоды таго, што вось такія сумнеўнай рэпутацыі персанажы прыязджаюць сюды. Тут сапраўды я думаю галоўнае для Менска, што вось, глядзіце: з Еўропы да нас едуць, нас прызнаюць, вядуць з намі дыялог, а ўсё астатняе з гледзішча беларускіх уладаў ужо неістотна. У гэтым сэнсе пэўны цынізм назіраецца, я думаю, з абодвух бакоў.

«Правы польскай меншасці ў Беларусі, польскае школьніцтва — гэта найважнейшыя мэты візіту», —сказаў Адам Андрушкевіч. Іншы сябра польскай дэлегацыі, дэпутат ад польскай сялянскай партыі Пётр Згажэльскі, адзначыў, што не хапае сімэтрыі ў тым, што тычыцца стасунку дзяржавы да нацыянальных меншасцяў.

Каментуючы гэтыя словы старшыня Беларускага Саюза ў Польшчы Яўген Вапа адзначае:

— Я са здзіўленнем і абурэннем прымаю словы, выказаныя дэпутатам Згажэльскім наконт разглядання сітуацыі нас, як беларусаў у Польшчы, у сіметрычнай ролі. Інакш гаворачы, чалавечай мовай, — у ролі закладнікаў палітыкі. Мы, як  грамадзяне Польшчы, звязаныя з канстытуцыйным ладам Польшчы, які гарантуе правы не толькі ў маштабе краіны, але і ў тым, што Польшча знаходзіцца ў Еўразвязе. Калі нехта не разумее гэтага, ён не павінен быць палітыкам.

11-13 красавіка Беларусь наведвае дэлегацыя дэпутатаў польскага парламента. Напярэдадні прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі Палаты прадстаўнікоў і польскай меншасці ў Беларусі. Дэлегацыя таксама сустрэнецца з намесніцай міністра адукацыі Беларусі, ды наведае Наваградак і Ліду.

 

Прадстаўнікі правацэнтрыскай кааліцыі правядуць перамовы з польскімі дэпутатамі. Лідары партый АГП, БХД і «Руху «За свабоду» будуць у гэты час знаходзіцца ў Вільні, але, як адзначае адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, гэта нельга разглядаць як крыўду з боку беларускіх палітыкаў за тое, што Польшча супрацоўнічае з нелегітымнай беларускай уладай.

– Польскае МЗС адно з першых зрабіла заяву адносна тых рэпрэсій, якія адбываюцца ў Беларусі, і нагадала беларускаму боку, чаму санкцыі былі адмененыя. Такім чынам намякнуўшы, што санкцыі могуць быць вернутыя, калі рэпрэсіі працягнуцца. Шмат польскіх палітыкаў абсалютна цвяроза ацэньваюць сітуацыю. Польшча мабыць адна з тых краін, якая найлепш разумее сітуацыю, якая зараз складваецца. Удзячны нашым польскім калегам за гэтую працу і думаю, што гэтая сустрэча будзе проста чарговай, каб з першых вуснаў атрымаць інфармацыю, пра тое, што зараз адбываецца ў Беларусі.

Візіт польскіх дэпутатаў у Беларусь працягнецца з 11 па 13 красавіка. 

Як адзначае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі не пойдуць на сустрэчу з польскімі дэпутатамі. Пасланне ад апазіцыі перададуць намеснікі старшыняў партый АГП, БХД і Руху «За Свабоду»:

Мы заняты іншымі, больш важнымі, як лічым, справамі. З іншага боку, наша пазіцыя тут абсалютна зразумелая. Мы лічым, што любая камунікацыя з нелегітымнай Палатай прадстаўнікоў на яе тэрыторыі, успрыманне ўсіх дэпутатаў як абраных падчас свабодных і сумленных выбараў – гэта кансервуе сітуацыю, а не падштурхоўвае нас да пераменаў у краіне.

«І гэта датычыць усіх тых, хто наўпрост спрабуе супрацоўнічаць з Палатай прадстаўнікоў, не зважаючы на тое, што заключэнне міжнародных наглядальнікаў па выніках мінулых выбараў было ясным і зразумелым – гэта не былі выбары, якія адпавядаюць стандартам АБСЕ”, – дадае Анатоль Лябедзька.

Данесці да прадстаўнікоў польскай парламенцкай дэлегацыі рэальнае становішча – такую задачу ставяць перад сабой прадстаўнікі беларускай правацэнтрысцкай кааліцыі. На думку старшыні «Руху «За свабоду», варта кантактаваць з усімі заходнімі дэлегацыямі, якія прыбываюць у Менск.

Юрась Губарэвіч:

– Кіраўнікі нашых арганізацый там будуць. Тая пазіцыя, якую мы маем, будзе данесена. І, канешне, варта кантактаваць з любымі еўрапейскімі групамі, якія наведваюць Беларусь, перадусім каб паказаць ім рэальную карціну таго, што адбываецца ў нашай краіне. Бо, наколькі вядома, частка замежных дэлегацый сілкуецца толькі той інфармацыяй, якую пастаўляюць афіцыйныя ўлады, а яна, натуральна, мае скажоны характар.

Тым не менш, пазіцыя правацэнтрыстаў, па словах Юрася Губарэвіча, застаецца нязменнай: мінулыя парламенцкія выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю, таму беларускую «палатку» нельга лічыць легітымнай структурай улады.

Паводле тэлеканала “Беларусь 1”, у межах візіту польская дэлегацыя будзе мець сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў, у Міністэрстве адукацыі, у Наваградскім і Лідскім райвыканкамах. Наведае Мірскі і Лідскі замкі, Дом-музей Адама Міцкевіча ў Наваградку.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: minsk.msz.gov.pl