Беларусь назвалі самай небяспечнай краінай Еўропы для журналістаў



Беларусь апусцілася на пяць пазіцый і заняла 158-е месца са 180 у „Індэксе свабоды прэсы”, які штогод складае міжнародная праваабарончая арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”. Гэта горшы вынік сярод краін Еўропы.

У частцы справаздачы, прысвечанай Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, адзначана, што некаторыя краіны гэтых рэгіёнаў, якія раней „ужо пакутавалі сіндромам задушэння інфармацыі”, цяпер „ахапіла небяспечная ліхаманка”. Тры з іх „эксперыментавалі з радыкальным спосабам” затыкання ратоў „журналістам — поўным адключэннем інтэрнэту” з дапамогай праграмнага забеспячэння, дадзенага сярод іншых міжнароднымі тэхналагічнымі кампаніямі — ізраільскай Allot і канадскай Sandvine.

„Так было на Каўказе, у Азербайджане восенню 2020 года падчас вайны ў Нагорным Карабаху — тэрыторыі, якая з`яўляецца прадметам спрэчкі з Арменіяй. Так было ў Кыргызстане ў кастрычніку 2020 года пасля парламенцкіх выбараў, якія выклікаюць пытанні, хоць гэта краіна з найлепшым рэйтынгам у Цэнтральнай Азіі. Так было і ў Беларусі, дзе інтэрнэт быў цалкам недаступны на працягу трох дзён пасля абвяшчэння спрэчных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, а затым перыядычна ў наступныя месяцы. Паводле дадзеных кааліцыі #KeepItOn, якая адсочвае адключэнні інтэрнэту, са жніўня па снежань 2020 года ў Беларусі інтэрнэт быў адключаны на 121 дзень”, — гаворыцца ў справаздачы.

Згодна са справаздачай, Беларусь стала рэгіянальным чэмпіёнам па выкарыстанні рэпрэсіўных мер. Адзначаецца, што журналісты незалежных СМІ „пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года сталі мішэнню для міліцыі”.

„Затрыманыя падчас асвятлення пратэстаў або прэвентыўна, журналісты спачатку атрымлівалі невялікія тэрміны адміністрацыйнага арышту па надуманых падставах, — адзначаецца ў дакуменце. — Пазней улады сталі распачынаць у дачыненні да іх крымінальныя справы, якія прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе некалькіх гадоў зняволення, праводзіць пастановачныя судовыя працэсы на чале з палітычна падатлівым суддзямі. У сваім імкненні задушыць усю незалежную журналістыку праваахоўныя органы таксама пачали пераследваць яе абаронцаў, асабліва Беларускую асацыяцыю журналістаў, мясцовага партнёра „Рэпарцёраў без межаў”.

У краінавым профілі, абноўленым з улікам свежага індэкса, адзначана, што „Беларусь з`яўляецца самай небяспечнай краінай у Еўропе для супрацоўнікаў медыя”. Крытычна настроеныя журналісты і блогеры „зведваюць пагрозы і гвалт, многіх арыштоўваюць”. У краіне „фіксуюцца адключэнні інтэрнэту, вядучыя навінавыя сайты заблакаваныя, друкаваныя СМІ цэнзуруюцца, а доступ да інфармацыі абмежаваны”.

„Пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года некалькі незалежных СМІ пераследаваліся з боку міліцыі, якая спрабуе перашкаджаць асвятленню масавых вулічных пратэстаў. Раней яны ўжо пераследаваліся з боку ўладаў, штрафаваліся і зведвалі прымус да выезду за мяжу, але не такі маштабны пераслед. Вобшукі і пераслед пачасціліся, тэрміны турэмнага зняволення становяцца больш жорсткімі. Нягледзячы на рызыку і ўзмацненне прапаганды ў дзяржаўных СМІ, смелыя журналісты працягваюць асвятляць падзеі”, — гаворыцца ў краінавым профілі.

Згодна з „Індэксам свабоды прэсы” за 2021 год сярод рэспублік былога СССР сітуацыя ў Беларусі лепшая, чым у Таджыкістане (162-е месца), Азербайджане (167) і Туркменістане (178), але горшая, чым ва Узбекістане (157), у Казахстане (155), Расеі (150), ва Украіне (97), у Малдове (89), Кыргызстане (79), Арменіі (63), Грузіі (60), Літве (28), Латвіі (22), Эстоніі (15).

У пяцёрку сусветных лідараў, згодна з „Індэксам свабоды прэсы”, уваходзяць Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя, Данія і Коста-Рыка.

„Індэкс свабоды прэсы” рыхтуецца штогод з 2002 года. У рэйтынгу ацэньваецца ўзровень свабоды прэсы ў 180 краінах на аснове такіх крытэрыяў, як плюралізм, незалежнасць СМІ, якасць заканадаўчай базы, бяспека журналістаў.

belapan.by