Беларусь не трапіла пад новыя візавыя абмежаванні ЗША
Адміністрацыя ЗША абвясціла пра пашырэнне спіса краін, грамадзянам якіх будзе абмежаваны ўезд у Злучаныя Штаты. Упершыню ў гэты пералік трапіла дзяржава былога СССР — Кыргызстан. Беларусь у гэты спіс не ўвайшла.
Паводле тэксту указа, які размешчаны на сайце Белага дома, у абмежавальны спіс трапілі Кыргызстан, М’янма, Эрытрэя, Нігерыя, Судан і Танзанія.
Грамадзяне гэтых краін сутыкнуцца з новымі абмежаваннямі ў атрыманні пэўных віз для ўезду ў Злучаныя Штаты, аднак пра поўную забарону на ўезд гаворкі не ідзе. Абмежаванні набудуць моц 21 лютага.
У студзені выданне Politico са спасылкай на крыніцы паведаміла, што ЗША могуць пашырыць спіс краін, грамадзянам якіх абмежаваны ўезд у Злучаныя Штаты. У публікацыі адзначалася, што адміністрацыя Дональда Трампа вывучае пытанне аб унясенні ў гэты спіс яшчэ сямі краін, у тым ліку Беларусі. Пры гэтым гаварылася, што спіс краін не канчатковы і можа быць зменены.
Указ аб узмацненні жорсткасці іміграцыйнай палітыкі Дональд Трамп падпісаў у студзені 2017 года. Абмежаванні тады закранулі грамадзянаў Сірыі, Ірана, Судана, Лівіі, Самалі, Йемена і Ірака. У сакавіку таго ж года Ірак з гэтага спіса быў выключаны.