Беларусь паказвае „Паланэз” на вучэннях у Казахстане



У адпаведнасці з планам міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва ў 2018 годзе 2—4 траўня на палігоне Сары-Шаган у Казахстане праводзяцца сумесныя камандна-штабныя вучэнні ракетных войскаў і артылерыі казахстанскіх і беларускіх узброеных сіл з баявымі пускамі.

Як паведамляе Міністэрства абароны Беларусі, у вучэннях з беларускага боку задзейнічаны воінскія часці і падраздзяленні комплексаў тактычных ракет „Кропка-У”, рэактыўных сістэм залпавага агню „Паланэз”, падраздзяленні 927-га цэнтра падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў, 85-й і 86-й брыгад сувязі, 1562-й тэхнічнай ракетнай базы, 31-га навігацыйна-тапаграфічнага цэнтра, інжынерных войскаў.

Усяго ў вучэннях задзейнічана да 100 адзінак тэхнікі і звыш 200 ваеннаслужачых.

Галоўнай асаблівасцю вучэнняў, як адзначаюць у Мінабароны, з’яўляецца ўдасканаленне практычных навыкаў камандзіраў і штабоў ў ажыццяўленні маршу, выкананні задач па падрыхтоўцы і нанясенні ракетных удараў ва ўмовах слабаперасечанай адкрытай мясцовасці ва ўзаемадзеянні з ракетнымі войскамі і артылерыяй УС Казахстана.

У ходзе вучэнняў будуць адпрацаваны пытанні падрыхтоўкі і кіравання баявымі дзеяннямі ракетных вайсковых часцей, нанясення адзіночных і групавых ракетных удараў на гранічных далёкасцях пускаў сістэм з даразведкай аб’ектаў паражэння, тактычнай маскіроўкі займаных пазіцый і раёнаў, практычнага пацвярджэння баявых характарыстык ракетных комплексаў.

belapan.by