Беларусь паслядоўна выступае за ядзернае раззбраенне



Беларусь выступае паслядоўным прыхільнікам ядзернага раззбраення і нераспаўсюджвання. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук на спецыяльнай дыскусіі агульнага камітэта ПА АБСЕ па палітычных пытаннях і бяспецы, паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Дыскусія прысвячалася праблемам кантролю над узбраеннямі, раззбраення і не распаўсюджвання на прасторы АБСЕ. „Віцэ-спікер адзначыў, што Беларусь з’яўляецца паслядоўным прыхільнікам і ўдзельнікам працэсаў ядзернага раззбраення і нераспаўсюджвання, і нагадаў, што ў лютым 2018 года споўнілася 25 гадоў з моманту прыняцця парламентам гістарычнай пастановы аб далучэнні да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі”, – праінфармавалі ў прэс-службе. Баляслаў Пірштук выказаў шкадаванне, што Дагавор аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў да гэтага часу не ўступіў у сілу, што наносіць шкоду глабальнаму рэжыму нераспаўсюджвання.

Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, на палях якой праходзіла і дыскусія аб праблемах кантролю над узбраеннямі. Парламентарыі прынялі ўдзел у ключавых мерапрыемствах сесіі, у тым ліку ў пасяджэнні агульнага камітэта Парламенцкай асамблеі АБСЕ па палітычных пытаннях і бяспецы. У сваім выступленні Баляслаў Пірштук заявіў аб неабходнасці скаардынаванага падыходу і сумесных дзеянняў усіх краін АБСЕ і яе партнёраў у процідзеянні транснацыянальным выклікам і пагрозам бяспецы. „Ён заклікаў членаў асамблеі эфектыўна выконваць існуючыя меры даверу, дзейнічаць у рэчышчы прынятых у АБСЕ абавязацельстваў у мэтах дапаўнення намаганняў ААН на гэтым напрамку”, – падкрэслілі ў прэс-службе.

Віцэ-спікер выказаў надзею, што прынятыя на 26-й штогадовай сесіі ў Менску рэзалюцыі па такіх актуальных тэмах, як рэагаванне на з’яўленне новых псіхатропных рэчываў, прадухіленне сексуальнай эксплуатацыі дзяцей у інтэрнэце і іншыя, паслужаць далейшым стымулам для пашырэння супрацоўніцтва паміж дзяржавамі АБСЕ ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

belta.by