Беларусь перадала Расеі абноўлены праект пагаднення аб узаемным прызнанні віз



Беларусь перадала Расеі абноўлены праект пагаднення аб узаемным прызнанні віз, паведаміў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык 18 студзеня на брыфінгу ў Менску. „Літаральна крыху больш за гадзіну таму ў Маскве ў МЗС адбылася сустрэча, падчас якой мы перадалі нашым расейскім калегам абноўлены праект пагаднення і прапанавалі найбліжэйшым часам правесці ў Менску сустрэчу экспертаў”, — сказаў ён.

Мірончык нагадаў, што пытанне ўзаемнага прызнання віз разглядалася на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 11 студзеня. „На гэтай сустрэчы быў абмеркаваны шэраг прынцыповых момантаў, шэраг падыходаў, якія павінны знайсці адлюстраванне ў пагадненні паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расейскай Федэрацыі аб узаемным прызнанні віз, — адзначыў Мірончык. — Пасля нарады нашы эксперты яшчэ раз паглядзелі тэкст, яго дапрацавалі, зыходзячы з тых крытэрыяў, якія былі вызначаныя. Адзін з крытэрыяў — гэта зняцце праблем з перасячэннем беларуска-расейскай мяжы для замежных грамадзян, натуральна, з захаваннем інтарэсаў Беларусі і Расеі ў галіне бяспекі”.

На нарадзе Лукашэнка паставіў задачу на працягу 2018 года ўрэгуляваць рознагалоссі ў памежнай сферы з Расеяй. Паводле яго слоў, рацыянальныя і цалкам вытлумачальныя дзеянні Беларусі ў частцы лібералізацыі візавага рэжыму для замежнікаў выклікаюць насцярожанасць у Расеі. „Беларуска-расейская мяжа набыла негалосны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і ўсюды, „самай дзіўнай мяжы ў Еўропе”, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Расейскі бок без афіцыйнага паведамлення пачаў ажыццяўляць паўнавартасны пашпартны кантроль у дачыненні да ўсіх асоб, якія едуць на аўтамабільным транспарце, а затым — на авія- і чыгуначным”.

Паводле слоў Лукашэнкі, расейскі бок зыходзіць нібыта з меркаванняў бяспекі. „Але пра якую бяспеку можа быць гаворка, калі ў нас сумесныя спісы замежнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Ніхто не можа ўехаць, хто знаходзіцца ў гэтых спісах. Хто не знаходзіцца, мае права ўехаць, пакуль не трапіць у гэтыя спісы. Таму ўсялякія адгаворкі і спасылкі на тое, што ў нас нібыта не тое тут робіцца, і таму ўводзіцца мяжа, няслушныя”, — падкрэсліў ён.

Паводле БелаПАН

Фота sputnik.by