Беларусь плануе далучыцца да Еўразвязу?



У сераду, 31 жніўня, па ініцыятыве Польшчы ў Варшаву прыедуць спікеры парламентаў дзяржаваў, якія хочуць далучыцца да Еўразвязу.

У сустрэчы прымуць ўдзел 12 дэлегацыяў, якія прадстаўляюць парламенты – Турэччыны, Украіны, Малдовы, Грузіі, Сербіі, Босні і Герцагавіны, Арменіі, Македоніі, Азербайджана, Чарнагорыі, Албаніі і Беларусі.

Паводле інфармацыі змешчанай на сайце польскага Сейма нагодай для сустрэчы стане канферэнцыя «Салідарнасць і сувэрнітэт: парламенцкая сустрэча краінаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы». Гаспадарамі сустрэчы стануць маршалак польскага Сейма Марэк Кухціньскі і маршалак Сената Станіслаў Карчэўскі. «Падставай для супрацы ў Еўропе павінны быць суверэнітэт і салідарнасць нацыянальных дзяржаваў. Усе нацыянальныя краіны на нашым кантыненце з’яўляюцца інтэгральнай часткай Еўропы. Еўразвяз не можа быць міжнароднай арганізацыяй закрытай для іншых еўрапейскіх краінаў, якія таксама ўплываюць на тоеснасць і патэнцыял Еўропы і немагчымае гарантаванне бяспекі Еўразвязу без бяспекі ўсяго кантыненту. Мы падтрымліваем мадэль Еўразвязу як міжнароднай арганізацыі, якая служыць для краінаў – чальцоў, адкрытай на супрацу з яе суседзямі, перш за ўсё тымі, што знаходзяцца на яе усходнім і паўднёва-усходнім памежжы,» – адзначаецца ў паведамленні змешчаным на старонцы польскага Сейму.

Як паведамляе сайт Палаты Прадстаўнікоў у Варшаве Беларусь будзе прадстаўляць  Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь  Віктар Гумінскі.

Беларускае Радыё Рацыя