Беларусь плануе далучыцца да Еўразвязу?
31 жніўня па ініцыятыве Польшчы ў Варшаву прыехалі спікеры парламентаў дзяржаваў, якія хочуць мець больш шчыльныя дачыненні з Еўразвязам. У сустрэчы прымаюць удзел 12 дэлегацыяў, у тым ліку з Беларусі. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Гумінскі.
У нашым эфіры запрашэнне прадстаўнікоў беларускага парламенту каментуе палітычны і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка.
РР: Як вы ацэньваеце гэты крок Польшчы ў бок, перш за ўсё, Беларусі? Мне здаецца, хоць я магу памыляцца, але гэта першы на такім высокім роўні візіт у краіну Еўразвязу прадстаўніка непрызнаванага Еўразвязам беларускага парламента.
Вінцук Вячорка: Я якраз хацеў сказаць пра інстытуцыянальны выбар для такіх кантактаў. Нагадаю, што з кіраўнікамі так званых «палатаў» так званага «парламенту» сустракаўся і спадар Рышард Тэрлецкі калі быў у Менску. Гэта ў прынцыпе пярэчыць практыцы, што была дагэтуль, якая прызнавала неабходнасць камунікацыяў з уладамі Беларусі, але з тымі ўладамі, якія нешта рэальна вырашаюць. З людзьмі Лукашэнкі, з профільнымі міністрамі, ці скажам з адказнымі за памежную службу, за мытныя справы, за эканоміку, з прадстаўнікамі адміністрацыяў памежных абласцей. А структура, якая нічога не вызначае, якая бярэцца з фармальных прызначэнняў, але пры гэтым адыгрывае імітацыйную ролю: быццам бы ў Беларусі ёсць выбары, быццам ёсць абраны парламент, яна дасюль не фігуравала ў такіх кантактах. На жаль, праз запрашэнне гэтых людзей у Варшаву атрымліваецца прызнанне таго, што нібыта ў нас ёсць выбары і нібыта ёсць дэмакратычная палітычная сістэма. Гэта нешта новае.
РР: Рышард Тэрлецкі, пра якога Вы ўзгадалі, гэта, нагадаю, віцэ-спікер польскага Сейму, які нядаўна быў з афіцыйным візітам у Менску. Ён заявіў, што Польшча хоча быць адвакатам тых краінаў, што хочуць наблізіцца да Еўразвязу. Ці ў Беларусі, у вярхах улады, ёсць такое памкненне? Ці заўважаюцца нейкія зрухі апошнім часам?
Вінцук Вячорка: Значная частка беларускага грамадства, асабліва больш адукаваная, маладзейшая, дзейсная, мысліць і мае каштоўнасці супольнаеўрапейскія, Еўраатлантычныя традыцыйныя каштоўнасці. Што да ўлады, дык яна была і засталася па-першае, постсавецкай, па-другое, прамаскоўскай. Нават не ў сэнсе штодзённай арыентацыі на Маскву, а ў сэнсе супольных з Масквой каштоўнасцяў. Будучы атныдэмакратычнымі гэтыя рэжымы адзін да аднаго прыцягваюцца, а паколькі Крэмль — гэта галоўны антыдэмакратычны рэжым, дык ён і фармуе парадак дня. Таму гэта пэўная ілюзія і падыгрыванне тым прафесійным пасылам, якія афіцыйная дыпламатыя Менску пасылае ў заходні бок. У тым ліку і ва ўнутраных калідорных даверлівых усялякіх гаворках і намёках. Вось мы, маўляў, і хацелі б раўнавагі паміж Масквой і Бруселем, але цяжкавата, але вы нас падтрымайце. Гэта проста няпраўда, бо сутнасных зменаў, у першую чаргу дэмакратычных зменаў, якія б разняволілі вось гэтыя памкненні народу да нармальнага свабоднага жыцця, свабоднай эканомікі, здольнасці выбіраць сваю ўладу і ў здольнасці бараніць сваю незалежнасць — гэтых крокаў не робіцца.
РР: Але час ад часу ўлада дазваляе сабе падколваць расейскі бок. Нядаўна ў цэнтры стратэгічных і палітычных даследаванняў, а гэта афіцыйная структура, з’явіўся даклада Арсена Сівіцкага і Юрыя Царыка «Беларусь у кантэксце супрацьстаяння Расея — Ната: пагрозы і выклікі для суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай бяспекі». І гэты артыкул недвухсэнсоўна паказваў, што незалежнасці Беларусі можа пагражаць Расея. А расейскія публіцысты, дарэчы, ужо адклікнуліся на гэты тэкст пішучы, што маўляў у беларускіх уладаў праяўляецца нацыяналізм.
Вінцук Вячорка: Сівіцкі і Царык слова б не сказалі, калі б не мелі яснага дазволу, або лепш сказаць без наўпроставага даручэння на гэта з ідэалагічнага аддзелу адміністрацыі Лукашэнкі. Ясна, што такія пасылы, гэтаксама як вяртанне прысутнасці беларускай мовы ў некрытычных сферах, напрыклад рэклама на вуліцах, гэта ўсё патрэбна лукашэнкаўцам у тым ліку для таго, каб весці таргі з Масквой. Вось паглядзіце, Сівіцкі з Царыкам гэта апублікавалі, штосьці там заявіў Лукашэнка, штосьці Макей у Кіеве і на табе: пайшлі зніжкі на газ. Маскве ўсё ж такі Менск патрэбны і ў гэтым сэнсе Лукашэнка, павадок якога ўсё адно скарачаецца, стварае сабе прастору для такіх таргоў, перад усім з Масквой. Дарэчы, мне шкада вобразу, які прыйшоў у галаву, таму вярнуся да вашага першага пытання. Вось сустракаўся Тэрлецкі з Мясніковічам і Андрэйчанкам, дык гэта ўсё роўна як бы ён сустракаўся з духам Анджэя Вэрбляна. Вось мне ў галаву прыходзіў падобны польскі вобраз.
РР: Гэта можа старэйшыя слухачы з Польшчы памятаюць такога ідэолага кампартыі Польшчы.
Вінцук Вячорка: Які быў віцэ-маршалкам Сейма. Таму я праводжу такую паралель.
РР: Тым не менш узгаданы Вамі Макей у Кіеве падзякаваў прэзідэнту Украіны за садзейнічанне ў аднаўленні канструктыўнага дыялогу Беларусі з Еўразвязам, ці гэта адно і тое ж рэчышча ці проста сукупнасць розных словаў і розных фактаў з розных месцаў, і ці можа вынікнуць з гэтага нешта канструктыўнае?
Вінцук Вячорка: Па-праўдзе, тое пасярэдніцтва ў камунікацыях паміж афіцыйным Менскам і Еўразвязам, пра якое гавораць то ў з звязку з Украінай, то афіцыйная Варшава вось цяпер пра гэта гаворыць, гэта крыху ненапоўненыя зместам рэчы, бо калі ў Бруселі выбіраецца лінія на падтрымку сумнеўных рэжымаў у спадзеве адцягнуць іх ад Крамля, дык гэта будзе рабіцца і без лішніх пасярэднікаў.
РР: А ва ўсёй гэтай сустрэчы, калі засяродзіцца толькі на беларуска-польскіх адносінах, на што разлічвае тут польскі бок, уцягваючы колішніх ізгояў у такія афіцыйныя кантакты? Ці проста разлічвае на тое, што беларускі рэжым паспрыяе ў заканчэнні канфлікту вакол польскай нацыянальнай меншасці і Саюза палякаў у Беларусі?
Вінцук Вячорка: У вашым апошнім пытанні якраз і адказ утрымліваецца часткова. Сапраўды вонкава палітычныя задачы Варшавы як бы звузіліся да таго, каб падтрымліваць польскую нацыянальную меншыню ў Беларусі. Хаця на маё глыбокае перакананне, не можа быць добра і свабодна польскай нацыянальнай меншыні з несвабоднай Беларусі ў цэлым. Тут, на жаль, не пераскочыш гэтай жорсткай заканамернасці. Наагул кажучы, вельмі хацелася б, каб у польскім палітыкуме беларуская тэма не была прадметам міжпартыйных спрэчак і абвяржэнняў таго, што рабілася раней і што робіцца цяпер. Вось у ЗША доўгі час было двухпартыйнае паразуменне наконт беларускай палітыкі, акт аб дэмакратыі ў Беларусі прымалі як рэспубліканцы, так і дэмакраты. Мне здаецца, што і гэтыя пытанні: пытанне Беларусі, як вельмі важнага, аднаго з ключавых суседзяў Польшчы, таксама мусіла б быць прадметам міжпартыйнага кансенсусу.
У сустрэчы прымаюць удзел 12 дэлегацыяў, якія прадстаўляюць парламенты – Турэччыны, Украіны, Малдовы, Грузіі, Сербіі, Босні і Герцагавіны, Арменіі, Македоніі, Азербайджана, Чарнагорыі, Албаніі і Беларусі. Паводле інфармацыі змешчанай на сайце польскага Сейма нагодай для сустрэчы стала канферэнцыя „Салідарнасць і сувэрнітэт: парламенцкая сустрэча краінаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы”.
Гаспадарамі сустрэчы сталі маршалак польскага Сейма Марэк Кухціньскі і маршалак Сената Станіслаў Карчэўскі.
„Падставай для супрацы ў Еўропе павінны быць суверэнітэт і салідарнасць нацыянальных дзяржаваў. Усе нацыянальныя краіны на нашым кантыненце з’яўляюцца інтэгральнай часткай Еўропы. Еўразвяз не можа быць міжнароднай арганізацыяй закрытай для іншых еўрапейскіх краінаў, якія таксама ўплываюць на тоеснасць і патэнцыял Еўропы і немагчымае гарантаванне бяспекі Еўразвязу без бяспекі ўсяго кантыненту. Мы падтрымліваем мадэль Еўразвязу як міжнароднай арганізацыі, якая служыць для краінаў – чальцоў, адкрытай на супрацу з яе суседзямі, перш за ўсё тымі, што знаходзяцца на яе усходнім і паўднёва-усходнім памежжы,” – адзначаецца ў паведамленні змешчаным на старонцы польскага Сейму.
Як паведамляе сайт Палаты Прадстаўнікоў у Варшаве Беларусь прадстаўляе Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Гумінскі.
Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя