Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН наконт Крыма
На пасяджэнні Трэцяга камітэта Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Беларусь у ліку 26 краін прагаласавала супраць абноўленага праекта рэзалюцыі „Сітуацыя з правамі чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і г. Севастопаль (Украіна)”, паведамляе УНІАН.
Дакумент падтрымала 67 краін-чальцоў ААН, устрымалася — 82. Сярод тых, хто прагаласаваў супраць, — Расея, Арменія, Казахстан, Венесуэла, Бурундзі, Кітай, КНДР. Праект рэзалюцыі Генасамблея ААН канчаткова разгледзіць у снежні гэтага года.
27 верасня ў час выступлення на агульных дэбатах 73-й сесіі ГА ААН прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заклікаў чальцоў асамблеі падтрымаць новы праект рэзалюцыі па акупаваным Расеяй Крыме з мэтай падтрымкі ўкраінскіх палітвязняў. У гэтым праекце рэзалюцыі пералічаныя іх імёны.
Па пытаннях, звязаных з Украінай, Беларусь традыцыйна галасуе ў ААН гэтак жа, як і Расея, што выклікае негатыўную рэакцыю ўкраінскіх палітыкаў.
Фота: Reuters