Беларусь: пратэктарат Расеі ці суверэннае дзяржаўнае ўтварэнне?



3Y7DLZ0mdfxjdndcAVm0GH4QPAeQumG0

Апошнім часам, і асабліва ў звязку з выбухам расейска-украінскай вайны, можна назіраць актыўныя спробы маніпуляцый над грамадскай думкай Беларусі, якія здзясняюць разнастайныя палітычныя сілы і, перадусім, дзяржапарат краіны, з мэтай, як кансервацыі рэжыму ўнутранай акупацыі, гэтак і прадухілення пратэстных настрояў у грамадстве. Маю вялікі спадзеў, што гэты артыкул спрычыніцца да запабягання гэтым маніпуляцыям і дапаможа аб’ектыўнаму ўспрыняццю таго месца, якое займае Беларусь у сучаснай постсавецкай геапалітычнай канфігурацыі.

У артыкуле выкладзены спіс службоўцаў вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва, сілавых міністэрстваў РБ, асноўнымі крытэрамі якога падчас стварэння былі: месца нараджэння не на тэрыторыі сённяшняй Беларусі і вышэйшая (вайсковая) адукацыя, атрыманая ў Расейскай Федэрацыі. Такім чынам, у базу патрапілі як ўраджэнцы не Беларусі, гэтак і тыя, хто скончыў перадусім расейскія вайсковыя ВНУ. Таксама ў базе фігуруюць чыноўнікі – колішнія функцыянеры КДБ, кампартыі і асобы, якія мелі дачыненне да фінансавых і дыпламатычных расейска-беларускіх колаў. Для напісання гэтага матар’ялу я скарыстаўся з артыкулу 34 Канстытуцыі РБ, які надае гарантаванае права кожнаму грамадзяніну Беларусі атрымліваць, захоўваць і распаўсюджваць поўную, дакладную і своечасовую інфармацыю пра дзейнасць дзяржаўных органаў, а таксама з інфармацыі, якую ўтрымліваюць крыніцы адкрытага доступу міністэрстваў і дзяржаўных ведамстваў.

Хачу зазначыць, што ў гэтым артыкуле я не вызначаю ніякіх дэфініцый пералічаным асобам. Яны могуць быць як агентамі расейскага ўплыву, гэтак і патрыётамі Беларусі. Чалавек можа нарадзіцца ў Расеі, жыць у Беларусі і цалкам вызнаваць беларускія нацыянальныя каштоўнасці, як гэта, напрыклад, засведчыла сваім жыццём славутая паэтэса Наталля Арсеннева або знакаміты пясняр Уладзімір Мулявін, адзінае, вядома, яны, усё ж, не мелі расейскай вышэйшай вайсковай адукацыі. Чытачу я даю магчымасць асабіста адказаць на гэтае пытанне, а таксама на тое, якое стаіць ў назве артыкула. Адзінае, перад гэтым ён мае разумець, што агент расейскага ўплыву – гэта перадусім службовая асоба, чыноўнік, які сістэматычна і мэтанакіравана здзяйсняе дзейнасць у ажыццяўленні мэтаў і задачаў Расейскае Федэрацыі.

Такім чынам, пачнем.

Вышэйшае камандаванне Узброеных сіл (УС) РБ:

Раўкоў Андрэй Аляксеевіч – генерал-маёр, Міністр абароны Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1967 г. у в. Равяках Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобл., БССР. У 2005 г. скончыў з адзнакай Вайсковую акадэмію Генеральнага штаба (ГШ) УС Расейскай Федэрацыі.

Белаконеў Алег Аляксеевіч – генерал-маёр, начальнік ГШ УС РБ, першы намеснік міністра абароны РБ. Нарадзіўся ў 1965 г. у с. Барабаш Хасанскага раёна Прыморскага краю, РСФСР.

Пузікаў Міхаіл Васілевіч – генерал-маёр, намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1961 г. у в. Гарадзішчы 1-ым, Брасаўскага раёна Бранскай вобл., РСФСР. У 2004 г. скончыў з адзнакай Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Лаценкоў Ігар Мікалаевіч – генерал-маёр, намеснік міністра абароны па ўзбраенню – начальнік узбраення УС РБ. Нарадзіўся ў 1962 г. у в. Запясоччы Жыткавіцкага раёна Гомельской вобл., БССР. У 2007 г. скончыў з адзнакай Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Кірэеў Віталь Іванавіч – генэрал-маёр, намеснік міністра абароны па тыле – начальнік тылу УС РБ. Нарадзіўся ў 1962 г. у г. Магадане, РСФСР.

Усе пералічаныя вышэй асобы складаюць 100 працэнтаў вышэйшага камандавання УС РБ.

Пяройдзем цяпер да Генеральнага Штаба УС РБ. У адкрытым доступе ёсць інфармацыя пра начальнікаў васмі упраўленняў. Апроч ужо пазначанага начальніка ГШ Белаконева А. А. у спіс патрапілі:

Муравейка Павал Мікалаевіч – палкоўнік, намеснік начальніка ГШ УС – начальнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення. Нарадзіўся ў 1971 г. у г. Мар’інай Горцы Пухавіцкага раёна Менскай вобл., БССР. У 2008 годзе скончыў з адзнакай і залатым медалём Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Ціханаў Віктар Паўлавіч – палкоўнік, начальнік ГРУ, намеснік начальніка ГШ УС РБ. Дата і месца нараджэння – н/в. Скончыў Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Касыгін Руслан Анатолевіч – палкоўнік, начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення ГШ УС РБ. Нарадзіўся ў 1968 г. у г. Ялце Крымскай вобл., УССР.

Казакоў Генадзь Станіслававіч – генерал-маёр, начальнік сувязі УС РБ, начальнік упраўлення сувязі ГШ УС РБ. Нарадзіўся ў 1964 г. у в. Семукачы Магілёўскага раёна, Магілёўскай вобл., БССР. У 2003-2005 гг. слухач Вайсковай акадэміі ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Дудко Сяргей Рыгоравіч – палкоўнік, начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны – намеснік начальніка ГШ УС РБ. Нарадзіўся ў 1960 г. Месца нараджэння, паводле непацверджанай інфармацыі – пгт. Запарожжа, Краснолуцкага гарсавета, Луганскай вобл., УССР, на цяперашні момант акупаваны прарасейскай терарыстычнай арганізацыяй “ЛНР”. Скончыў Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі. Удзельнік савецкай інтэрвенцыі ў Аўганістан.

Данільчык Ігар Іванавіч – палкоўнік, начальнік упраўлення радыёэлектроннай барацьбы ГШ УС РБ. Нарадзіўся ў 1969 г. у в. Львоўцы, Ваўкавыскага раёна, Гарадзенскай вобл., БССР. Скончыў Вайскова-паветраную акадэмію імя Ю. А. Гагарына Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі.

Старкоў Вячаслаў Мікалаевіч – палкоўнік, начальнік войскаў РХБ абароны – начальнік упраўлення РХБ абароны і экалогіі ГШ УС РБ. Нарадзіўся ў 1967 г. у г. Тамбове, РСФСР. У 2007-2009 гг. слухач Вайсковай акадэміі ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Лук’яненка Дзмітры Леанідавіч – палкоўнік, начальнік навігацыйна-тапаграфічнай службы УС РБ – начальнік навігацыйна-тапаграфічнага ўпраўлення ГШ УС РБ. Дата і месца нараджэння – н/в. У 2009 г. скончыў з адзнакай Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Пераходзім да Сухапутных войскаў. У спісе фігуруе мінімальная колькасць вышэйшага кадравага складу.

Вальфовіч Аляксандар Рыгоравіч – генерал-маёр, камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Нарадзіўся ў 1967 г. у г. Казані, РСФСР. У 2008 г. скончыў з адзнакай Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Шкадровіч Віталь Мікалаевіч – палкоўнік, намеснік камандуючага войскамі па тылу – начальнік упраўлення тылу Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Нарадзіўся ў 1970 г. у г. п. Кіраўску Магілёўскай вобл., БССР. З 2008 па 2010 гг. праходзіў навучанне ў Вайсковай акадэміі ГШ УС РФ.

Арэх Уладзімір Міхайлавіч – палкоўнік, намеснік камандуючага войскамі па тылу – начальнік упраўлення тылу Заходняга аператыўнага камандавання. Нарадзіўся ў 1969 г. у г. Бабруйску Магілёўскай вобл., БССР. У 2011 г. скончыў з адзнакай Федэральную дзяржаўную казённую вайсковую адукацыйную ўстанову вышэйшай прафесійнай адукацыі “Вайсковая акадэмія тылу і транспарту імя генерала арміі А. В. Хрулёва” Міністэрства абароны РФ.

Ваенна-паветраныя сілы (ВПС) і Войскі супрацьпаветранае абароны (СПА) – практычна ўсё камандаванне патрапіла ў базу:

Двігалёў Алег Мікалаевіч – генерал-маёр, камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны УС РБ. Нарадзіўся ў 1965 г. на выспе Вітэ, Севераморскага раёна, Мурманскай вобл., РСФСР.

Трус Сяргей Мікалаевіч – генерал-маёр, начальнік Галоўнага штаба – першы намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА. Нарадзіўся ў 1965 г. у г. Менску, БССР. У 2008 г. скончыў Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Голуб Ігар Уладзіміравіч – генерал-маёр, намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА. Нарадзіўся ў 1967 г. у г. Чарнігаве, УССР.

Карэў Аляксандр Міхайлавіч – палкоўнік, намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА – начальнік авіяцыі. Нарадзіўся ў 1966 г., паводле непацверджаных дадзеных у пас. Камяшку, Кемераўскай вобл., РСФСР.

Шаўчэнка Валеры Аляксандравіч – палкоўнік, намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА па ідэалагічнай працы – начальнік упраўлення. Нарадзіўся ў 1969 г. у г. Чалябінску, РСФСР.

Будаеў Барыс Юр’евіч – палкоўнік, намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА па ўзбраенні – начальнік упраўлення. Нарадзіўся ў ваенным гарадку паблізу г. Душанбэ, Таджыцкая ССР. У 2010 г. скончыў Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Панфёраў Аляксандар Іванавіч – палкоўнік, намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА па тыле – начальнік упраўлення. Нарадзіўся ў 1968 г. у в. Антонава, Загорскага раёна, Маскоўскай вобл., РСФСР.

Сілы спэцыяльных аперацый:

Дзенісенка Вадзім Іванавіч – генерал-маёр, камандуючы сіламі спецыяльных аперацый УС РБ. Нарадзіўся ў 1967 г. у г. Будапешце, ВНР. У 2008 г. скончыў з адзнакай Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Іншыя начальнікі ўпраўленняў і ўстановаў МА

Салацін Віталь Анатолевіч – палкоўнік, начальнік галоўнага ўпраўлення кадраў МА РБ. Нарадзіўся ў 1965 г. у г. Стаўрапалі, РСФСР.

Ляпешка Генадзь Уладзімеравіч – палкоўнік, начальнік упраўлення вайсковай адукацыі УС РБ. Нарадзіўся ў 1965 г. у г. Пінску, Берасцейскай вобл., БССР. Скончыў Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Хахлоў Валеры Аляксеевіч – генерал-маёр, начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі УС РБ. Дата і мейсца нараджэння – н/в. У 2001 г. скончыў з адзнакай Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Баранаў Уладзімір Канстантынавіч – палкоўнік, начальнік упраўлення ракетна-артылерыйскага ўзбраення МА РБ. Нарадзіўся ў 1965 г. у г. Смаленску, РСФСР.

Іваноў Вячаслаў Анатолевіч – палкоўнік, начальнік аўтамабільнага ўпраўлення МА РБ. Нарадзіўся ў 1964 г. у г. Капейску, Чалябінскай вобл., РСФСР.

Гардзюнін Аляксандр Вячаслававіч – палкоўнік, начальнік харчовага ўпраўлення МА РБ. Нарадзіўся ў 1965 г. у г. Балакове, Саратаўскай вобл., РСФСР.

Чарнуха Юры Аляксеевіч – палкоўнік, начальнік Нацыянальнай агенцыі па кантролю і інспекцыях – дэпартамента МА РБ. Нарадзіўся ў 1969 у г. Якуцку, РСФСР.

Бобрыкаў Сяргей Валянтынавіч – генерал-маёр, начальнік установы адукацыі “Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь”. Нарадзіўся ў 1962 г. у г. Лепелі, Віцебскай вобл., БССР. У 2005 г. скончыў Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Федэрацыі.

Дзяржаўны памежны камітэт РБ:

Мальцаў Леанід Сямёнавіч – генерал-палкоўнік, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ. Нарадзіўся ў 1949 г. у в. Вяценеўцы Слонімскага раёна, Гарадзенскай вобл., БССР. У 1992 г. скончыў з адзнакай Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі. Дзейсны чалец Акадэміі ваенных навукаў Расейскай Федэрацыі.

Маісеенка Уладзімір Рыгоравіч – генерал-маёр, намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ. Нарадзіўся ў 1964 г. у г. Гародні, БССР. У 1985 г. скончыў Галіцынскую Вышэйшую памежную ваенна-палітычную вучэльню КДБ СССР імя К. Я. Варашылава, у 1997 г. скончыў Акадэмію ФПС РФ (Памежная акадэмія ФСБ Расеі).

Лапо Анатоль Пятровіч – генерал-маёр, намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ. Нарадзіўся ў 1963 г. у в. Кулакоўцы Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобл., БССР. У 1986 г. скончыў Галіцынскую Вышэйшую памежную ваенна-палітычную вучэльню КДБ СССР імя К. Я. Варашылава, у 2001 г. – Акадэмію федэральнай памежнай службы Расейскай Федэрацыі (Памежная акадэмія ФСБ Расеі). З 1981 па 1992 гг. праходзіў службу ў Красназнамённай Закаўказкай памежнай акрузе КДБ СССР на розных пасадах.

Печань Ігар Мікалаевіч – генерал-маёр, намеснік старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ. Нарадзіўся ў 1965 г. у г. Смаленску, РСФСР. У 2009 г. скончыў Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Яцкоў Віктар Мікалаевіч – палкоўнік, намеснік камандзіра Лідскага памежнага атрада – начальнік упраўлення рэжыму і арганізацыйнага забеспячэння. Нарадзіўся ў 1971 г. у г. Моладаве Берасцейскай вобл., БССР. У 1992 г. скончыў Галіцынскую Вышэйшую памежную ваенна-палітычную вучэльню КДБ СССР імя К. Я. Варашылава, у 2001 г. – Акадэмію федэральнай памежнай службы РФ (Памежная акадэмія ФСБ Расеі).

Кузменка Аляксей Віктаравіч – палкоўнік, начальнік Гомельскай памежнай групы. Нарадзіўся ў 1972 г. у г. Гомелі, БССР. У 1995 г. скончыў Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную камандную двойчы Красназнамённую вучэльню, праходзіў службу ў паветрана-дэсантных войсках Расеі. У 2008 г. скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расеі.

Пратасавіцкі Андрэй Мікалаевіч – палкоўнік, намеснік начальніка Гомельскай памежнай групы – начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння. Нарадзіўся ў 1973 г. у г. Рэпках Чарнігаўскай вобл., УССР. У 1994 г. скончыў Омскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню.

Цярэшчанка Андрэй Аляксандравіч – палкоўнік, намеснік начальніка Гомельскай памежнай групы – начальнік упраўлення рэжыму і арганізацыйнага забеспячэння. Нарадзіўся ў 1967 г. у г. Сімферопалі, УССР. З 1988 па 1991 гг. праходзіў службу ў Красназнамённай заходняй памежнай акрузе КДБ СССР у вайсковай частцы 2187 у г. Берасці на розных пасадах.

Моластаў Канстантын Генадзевіч – палкоўнік, начальнік Гарадзенскай памежнай групы. Нарадзіўся ў 1970 г. у г. Краснаармейску Саратаўскай вобл., РСФСР. З 1989 па 1993 гг. навучаўся ў Алма-Атынскай вышэйшай каманднай памежнай вучэльні КДБ СССР ім. Ф. Э. Дзяржынскага. У 2004 г. скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расеі.

Рыдкін Аляксандар Анатолевіч – падпалкоўнік, намеснік начальніка Смаргонскай памежнай групы – начальнік упраўлення рэжыму і арганізацыйнага забеспячэння. Нарадзіўся ў 1978 г. у г. Асіповічах Магілёўскай вобласці, БССР. У 2009 г. скончыў Вайсковую акадэмію сувязі імя С. М. Будзённага Міністэрства абароны Расейскай Федэрацыі.

Як бачым, вельмі шмат службоўцаў з кіруючага складу камітэта і памежных групаў мелі і, цалкам магчыма, маюць наўпроставыя дачыненні з ФСБ Расеі.

Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт РБ:

Гурулёў Сяргей Пятровіч – генерал-лейтэнант, старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Нарадзіўся ў 1953 г. на станцыі Алавянай Чыцінскай вобл., РСФСР. У 1999 г. скончыў з адзнакаю і залатым мэдалём Вайсковую акадэмію ГШ ЗС Расейскай Федэрацыі.

Быкаў Ігар Міхайлавіч – першы намеснік старшыні ВПК. Нарадзіўся ў 1957 г. у сям’і вайскоўца ў г. Кліне Маскоўскай вобл., РСФСР.

Маразоў Алег Уладзімеравіч – намеснік старшыні ВПК. Нарадзіўся ў 1978 г. у г. Северадзвінску, РСФСР.

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь:

Шуневіч Ігар Анатолевіч – генерал-маёр міліцыі, міністр МУС РБ. Нарадзіўся ў 1967 г. у Луганскай вобл., УССР. Дакладнае мейсца нараджэння – н/в. У 2007-2012 гг. працаваў у КДБ РБ, дзе ўзначальваў следчае ўпраўленне, затым галоўнае ўпраўленне ў контрвыведным забеспячэнні праваахоўных і кантралюючых органаў, барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю.

Юры Хаджымуратавіч Караеў – генерал-маёр, намеснік міністра МУС, камандуючы ўнутранымі войскамі. Нарадзіўся ў 1966 г. у г. Уладзікаўказе, Паўночная Асетыя, РСФСР. Скончыў Саратаўскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню МУС СССР, у 1996 г. скончыў Вайсковую акадэмію імя Фрунзэ, РФ.

Хаменка Сяргей Мікалаевіч – генерал-маёр, начальнік Дэпартамэнта аховы МУС РБ. Нарадзіўся ў 1966 г. у Данецкай вобласці, УССР. Дакладнае месца нараджэння – н/в.

Бачыла Уладзімер Уладзіміравіч – генерал-маёр міліцыі, начальнік Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1960 г. у п. Ліпках Менскага раёна, Менскай вобл., БССР. У 1994 г. скончыў вочную ад’юнктуру Маскоўскай вышэйшай школы міліцыі МУС Расейскай Федэрацыі.

Палішчук Валеры Мікалаевіч – генерал-маёр міліцыі, начальнік Магілеўскага інстытута МУС РБ. Нарадзіўся ў 1963 г. у с. Прыазёрным Табольскага раёна Кустанайскай вобл., КазССР.

Алейнікаў Герман Генадзевіч – палкоўнік міліцыі, намеснік начальніка УУС Гарадзенскага аблвыканкама – начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння. Нарадзіўся ў 1967 г. у п. Славянка Хасанского раёна Прыморскага краю, РСФСР.

Яўсееў Ігар Уладзімеравіч – генерал-маёр міліцыі, начальнік УУС Менскага аблвыканкама. Нарадзіўся ў 1968 г. у г. п. Рось Ваўкавыскага раёна Гарадзенскай вобл., БССР. Служыў у 3-й брыгадзе спэцназа ГРУ ВПС СССР, якая дыслякавалася ў ГДР. Каардынаваў, камандаваў і прымаў асабісты ўдзел у сілавым разгоне Плошчы-2010, акцыяў “Стоп-бензін”, маўклівых акцый пратэсту 2011 г. Уваходзіць у санкцыйны сьпіс ЕЗ пад нумарам 84, уезд на тэрыторыю якога яму забаронены. Да апошняга часу кіраваў УУС Віцебскага аблвыканкама, у часе “выбарчай” кампаніі 2015 г. зноў пераведзены ў Менск.

Сянько Віктар Сяргеевіч – палкоўнік міліцыі, начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама. Нарадзіўся ў 1965 г. у г.Карагандзе, КазССР.

Як бачым, на ключавых пасадах у МУС знаходзяцца нараджэнцы не Беларусі.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусі:

Вашчанка Уладзімір Аляксандравіч – генерал-маёр унутранай службы. Міністр МНС. Нарадзіўся ў 1958 г. у п. Троіцка-Пячэрску Комі АССР, РСФСР.

Прэзідыум Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

Кабякоў Андрэй Уладзіміравіч – прэм’ер-міністр РБ. Нарадзіўся ў 1960 г. у г. Маскве ў сям’і вайскоўца, які быў пераведзены ў Беларускую вайсковую акругу. У 1983 г. скончыў з адзнакаю Маскоўскі авіяцыйны інстытут. У 2011-2012 гг. – надзвычайны і паўнамоцны амбасадар РБ у Расейскай Федэрацыі.

Мацюшэўскі Васіль Станіслававіч – першы намеснік прэм’ер-міністра РБ. Нарадзіўся ў 1969 г. у г. Воршы Віцебскай вобласці, БССР. У 2010-2014 гг. з’яўляўся старшынём праўлення і генеральным дырэктарам ААТ “БПС-Банк”, які належыць “Сбербанку Расеі”.

Русы Міхаіл Іванавіч – намеснік прэм’ер-міністра РБ. Нарадзіўся ў 1954 г. у в. Вароніна Жыткавіцкага раёна, БССР. У 1985-1991 гг. – партыйны функцыянер райкамаў КПБ. У 2003-2004 гг. – саветнік аддзялення амбасады РБ у Санкт-Пецярбургу, РФ.

Анфімаў Леанід Васілевіч – старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю РБ. Нарадзіўся ў 1954 г. у с. Сіма Юр’еў-Польскага раёна Уладзімірскай вобл., РСФСР. У 1984-1986 гг. інструктар прамыслова-транспартнага аддзела Заводскага раённага камітэта КПБ г. Менска.

Савет Бяспекі РБ

Зась Станіслаў Васілевіч – генерал маёр, в.а. дзяржсакратара Савета Бяспекі РБ. Нарадзіўся ў 1964 г. у Чарнігаўскай вобл., УССР. Дакладнае мейсца нараджэння – н/в. У 2005 г. скончыў з адзнакай і залатым мэдалём Вайсковую акадэмію ГШ УС Расейскай Федэрацыі.

Уцюрын Андрэй Аляксандравіч – палкоўнік, намеснік джяржсакратара Савета Бяспекі РБ. Нарадзіўся ў 1971 г. у г. Пензе, РСФСР. У 1992 г. скончыў Саратаўскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню МУС Расейскай Федэрацыі. З 1995 г. – у службе бяспекі прэзідэнта РБ, якую ачольваў з 2007 па 2014 гг.

Служба бяспекі прэзідэнта РБ

Шынкевіч Віктар Мікалаевіч – палкоўнік, начальнік Службы бяспекі прэзідэнта РБ. Нарадзіўся ў 1960 г. у в. Кромавічах Докшыцкага раёна Віцебскай вобл., БССР. У 1987 г. скончыў Вышэйшыя курсы КГБ СССР. З 1995 г. – у Службе бяспекі прызідэнта РБ.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі РБ:

Вакульчык Валеры Паўлавіч – старшыня КДБ РБ. Нарадзіўся ў 1964 г. у Берасцейскай вобл., БССР. Дакладнае месца нараджэння – н/в. У 1992 г. скончыў Вышэйшыя курсы контрвыведкі КДБ СССР. З 1991 па 2008 гг. праходзіў службу ў ворганах дзяржаўнай бяспекі. З 2008 па 2011 гг. ачольваў Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ).

У адкрытым доступе цалкам адсутнічаюць біяграфічныя звесткі пра ўвесь кіруючы склад КДБ, ААЦ, Службы бяспекі прэзідэнта. Гэта цалкам закрытыя для грамадскага кантролю структуры, пра дзейнасць, мэты і задачы якіх можна толькі здагадвацца.

З аналізу гэтага спісу вынікае, што ў вышэйшым вайскова-палітычным кіраўніцтве фатальна не стае ўраджэнцаў Беларусі, а тыя адзінкі, якія ёсць, практычна ўсе прайшлі праз ідэалагічна-навучальны апарат Расейскай Федэрацыі. Маем вельмі шмат прыкметаў таго, што Беларусь мае каланіяльную вонкавую сістэму кіравання.

Беларускія ўзброеныя сілы інтэграваныя ў рэгіянальную беларуска-расейскую групоўку войскаў. Рэгулярна адбываюцца супольныя вайсковыя навучанні і здзяйсняецца баявое зладжванне баяздольных расейскіх і беларускіх падраздзяленняў. Асноўныя часткі расейскіх сілаў уварвання, якія прымалі ўдзел у акупацыі часткі Грузіі і Украіны нават прымаюць удзел у вайсковых парадах у Менску. Апроч гэтага у лютым гэтага году саюзніцкія абавязальніцтвы Беларусі былі замацаваныя новай рэдакцыяй Закону “Аб вайсковым стане”, у якім агрэсія супроць цальцоў АКДБ вызнаецца нападам на Беларусь.

Менавіта праз усё пералічанае і з-за досыць імавернай пагрозы выкарыстання тэрыторыі Беларусі, як плацдарму для магчымага наступу на Кіеў і адсякання тэрыторыі Заходняе Украіны, украінская збройныя сілы вымушаная трымаць каля мяжы з Беларуссю і на захадзе краіны істотную вайсковую групоўку, адцягваючы яе з зоны правядзення АТА і ад мяжы з акупаваным Крымам і Прыднястроўем.

Упэўнены, што прадстаўленага досыць вялікага абсягу інфармацыі чытачу дастакова для слушнага адказу на пытанні, якія былі акрэсленыя напачатку артыкулу і спадзяюся, што яна дапаможа запабегчы маніпулятыўным тэхналогіям і спекуляцыям што да той ролі, якую грае вышэйшае кіраўніцтва дзяржавы ў вызначэнні знешняй і ўнутранай палітыкі.

Дзяніс Івашын, InformNapalm.org