Беларусь-Расея. Які маркер стасункаў?



Адказваюць эксперты, спасылаючыся на расейскі сакрэтны дакумент.

Прыгадаем, што журналісты атрымалі доступ да ўнутранага дакументу пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Федэрацыі ў Беларусі», згодна з якім Расея збіраецца да 2030 году акупаваць Беларусь. Дакумент датуецца летам 2021 году і займае 17 старонак, дзе пералічваюцца палітычныя, абаронныя, гандлёвыя і сацыяльныя мэты расейскіх уладаў у Беларусі. А рэчаіснасць зараз яшчэ горшая чым гэты дакумент — кажа палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман, які звяртае ўвагу на год дакументу, і кажа, што сітуацыя істотна змянілася.

Паколькі пасля пачатку вайны безумоўна працэсы паскорыліся. Тут яшчэ раз трэба дадаць, што Пуцін сёння зусім адкрыта кажа пра тое, што гістарычныя тэрыторыі Расеі павінны знаходзіцца не толькі ў арбіце інтарэсаў Расеі, але павінны стаць часткай Расейскай Федэрацыі. Усім усё відавочна, што гаворка ідзе таксама і пра Беларусь. Так што дакумент адлюстроўвае тую палітыку і тыя мэты, якія мае Расейская Федэрацыя.

У фарватары таго, як развіваюцца падзеі – палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі гэты дакумент лічыць толькі інфармацыйнай нагодай. Але ўвагу звяртае на іншыя акалічнасці.

Больш сур’ёзныя рэчы прапісаныя ў дамовах Саюзнай дзяржавы. Гэтыя накірункі па развіцці Саюзнай дзяржавы, дзе ўлагоджваюцца ці мадыфікуюцца пад маскоўскі капыл падаткавыя заканадаўствы і г.д. і г.д. То ўсё гэта пралічана і прапісана. І гэта рэальна рэалізуецца. А тое, што тут сказана пра ўвядзенне расейскага рубля, то ён быў прадугледжаны дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Але ні рубель, ні канстытуцыйны акт, ні агульны парламент так і не былі ўтвораны.

І як заўважае палітычны аналітык – рэалізацыі гэтых планаў Аляксандр Лукашэнка пакуль пазбягае. Ён імкнецца лавіраваць у супрацы з кіраўніком Расеі. Сітуацыю можа змяніць расейская вайна, якая альбо прыспешыць працэсы, альбо змусіць ад іх адмовіцца.

Беларускае Радыё Рацыя