Беларусь разлічвае да канца года падпісаць прыярытэты партнёрства з ЕЗ
Прыярытэты партнёрства паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам могуць быць падпісаны да канца года. Аб гэтым у эфіры тэлеканала АНТ заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
„На жаль, нашы партнёры ў самы апошні час уключылі некаторыя пасажы, якія мы павінны дадаткова вывучыць, і цяпер ажыццяўляюцца адпаведныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па разглядзе гэтага дакумента. Думаю, што мы ў бліжэйшы час выпрацуем пазіцыю па ім, і ёсць надзея, што да канца года дакумент можа быць падпісаны”, – расказаў Уладзімір Макей.
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства 15 кастрычніка прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Еўразвяза і „Усходняга партнёрства” ў Люксембургу. На палях мерапрыемства ён таксама правёў перагаворы з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам.
„Мы гаварылі па ўсім спектры пытанняў нашага супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам, у тым ліку і аб перспектывах падпісання ў бліжэйшы час прыярытэтаў партнёрства, якія ўяўляюць сабой праграму нашага супрацоўніцтва на бліжэйшыя гады”, – расказаў журналістам міністр па выніках перагавораў.
Аб выніках перагавораў у Люксембургу Уладзімір Макей праінфармаваў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Ён сустрэўся з кіраўніком дзяржавы 18 кастрычніка.
„Было даложана аб рабоце над тымі дакументамі, якія цяпер адпрацоўваем разам з Еўрасаюзам, – гэта прыярытэты партнёрства, пагадненні аб аблягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. У цэлым ёсць істотныя зрухі па ўсіх дакументах, але, на жаль, не па нашай віне перыядычна з’яўляюцца нейкія новыя нюансы, якія патрабуюць дадатковага часу для аналізу, удакладнення або прыняцця рашэнняў”, – адзначыў міністр пасля сустрэчы з Прэзідэнтам.
Беларускі бок мае намер спакойна працаваць над гэтымі дакументамі з улікам нацыянальных інтарэсаў. „Ёсць дакладная ўстаноўка кіраўніка дзяржавы адносна прадаўжэння курсу на развіццё нармальных адносін з Еўрапейскім саюзам, у першую чаргу эканамічных, палітычных і гуманітарных”, – падкрэсліў дыпламат.