Беларусь спадзяецца зблізіць пазіцыі з ЕС па візавым пагадненні



На перамовах па візавым пагадненні Беларусь спадзяецца дадаткова зблізіць свае пазіцыі з Еўразвязам, заявіў на брыфінгу прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітры Мірончык.

Трэці раўнд перамоваў па праекце пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўразвязам праходзіць ў Менску.

Па словах Мірончык, з беларускага боку ў іх удзельнічаюць прадстаўнікі галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС і дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў, з боку ЕС – прадстаўнікі генеральнага дырэктарата па ўнутраных справах Еўракамісіі:

– Беларускі бок спадзяецца зблізіць нашы пазіцыі з пазіцыямі партнёраў з ЕС, узгадніць палажэнні, якія выклікалі пытанні. Папярэднія раўнды і кансультацыі на экспертным узроўні па праекце Пагаднення па спрашчэнні візавых фармальнасцяў адбыліся ў чэрвені і лістападзе 2014 года. 

На просьбу журналістаў прывесці прыклады палажэнняў пагаднення, якія выклікаюць пытанні, Дзмітры Мірончык адказаў: „такія прыклады раней ужо прыводзіў, давайце не будзем казаць пад руку ўдзельнікам перамоў”.

9 сакавіка прадстаўнік Еўракамісіі таксама выказаў надзею на тое, што ў час мінскіх перамоваў бакоў атрымаецца дамовіцца па ўсіх нявырашаным пытаннях. Пры гэтым у Еўракамісіі таксама не сталі каментаваць ход перамоўнага працэсу. Беларуская Радыё Рацыя, паводле БелаПАН