Беларусь спрабавала зняць з парадку дня ААН галасаванне па Крыме



Камітэт Генеральнай асамблеі ААН па правах чалавека 15 лістапада прыняў ініцыяваную Украінай рэзалюцыю па акупаваным Расеяй украінскім Крыме, у якой даецца крытычная ацэнка правоў чалавека на паўвостраве. Расея ўпершыню называецца дзяржавай-акупантам на такім узроўні.

70971

Крымскататарская карэспандэнтка Эмінэ Джэпар расказала пра спробу прадстаўнікоў Беларусі прадухіліць галасаванне ў камітэце Генасамблеі ААН па праекце рэзалюцыі з прычыны парушэння правоў чалавека Расеяй у Крыме, піша dialog.ua.

Аднак прапанова Беларусі не разглядаць чатыры рэзалюцыі, у тым ліку і ўкраінскую, не прайшла. 101 краіна выступіла супраць.

Як стала вядома, Камітэт Генасамблеі ААН па сацыяльных і гуманітарных пытаннях прыняў прапанаваны Украінай праект рэзалюцыі, у якім асуджаюцца парушэнні правоў чалавека з боку «расійскіх акупацыйных уладаў» на тэрыторыі Крыма і Севастопаля.

За рэзалюцыю ў аўторак, 15 лістапада, прагаласавалі 73 дэлегацыі, 76 устрымаліся і 23 выказаліся супраць, перадае Радыё ААН.

Расейскі бок заявіў, што прадстаўлены ўкраінскай дэлегацыяй праект не мае нічога агульнага з «рэальнай сітуацыяй у Крыме» і не адлюстроўвае меркавання жыхароў паўвострава.  Наша Ніва