Беларусь стала адной з самых бедных краін у Еўропе



12 чэрвеня ў Менску адбылося пасяджэнне Рады Беларускага Нацыянальнага Камітэта. Сябры Рады разгледзелі шэраг надзённых пытанняў.

Пра сітуацыю ў краіне і пра дзеянні БНК па абароне правоў людзей выступіў Уладзімір Някляеў. Пра крымінальны пераслед лідараў прафсаюза РЭП і захадах БНК у іх абарону размову вёў Мікалай Статкевіч. Іншыя выступоўцы разважалі пра сённяшні стан Курапатаў і пра экалагічна небяспечны праект улады ў Берасці, дзе хочуць пабудаваць шкоднае прадпрыемства – акумулятарны завод.

БНК прыняў некалькі заяў і зваротаў. Адзін са зваротаў “Салідарнасць дзеля вызвалення” – гэта пратэст Рады БНК супраць незаконнага пераследу ўладамі Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

У заяве Рады БНК “Рэжым парушае правы людзей” паведамляецца, што “правячы рэжым працягвае і ўдасканальвае палітыку парушэння гарантаваных Канстытуцыяй правоў грамадзян. Парушэнне правоў на сумленны суд, на роўнасць розных форм уласнасці, на абарону прыватнай уласнасці робяць эканоміку непрывабнай для інвестыцый, абмяжоўваюць дзелавую ініцыятыву. У выніку эканамічная сітуацыя застаецца складанай, а ў большасці рэгіёнаў – бядотнай. Скарочваецца колькасць працоўных месцаў. І так малыя заробкі не растуць. Пенсіі забяспечваюць толькі выжыванне, а не нармальнае жыццё. Беларусь стала адной з трох самых бедных краін Еўропы.

Правы працоўных сістэматычна парушаюцца, незалежныя прафсаюзы пераследуюцца. Паўтара мільёна беларусаў вымушаны шукаць працу ў іншых краінах. Пусцеюць цэлыя рэгіёны. Беларусь губляе эканамічна актыўнае насельніцтва, а разам з ім – і будучыню… 

Улада робіць чарговую спробу ўвесці антыканстутыцыйны пабор з беспрацоўных, каб прымусіць людзей працаваць за капейкі на кантрактным ланцугу і пад наглядам ідэёлагаў. Пад дзеянне адпаведнага дэкрэта можа патрапіць большасць з працуючых за мяжой беларусаў. Уводзіцца ўсеагульная электронная сістэма кантроля за працаздольнымі грамадзянамі краіны, якая непазбежна будзе выкарыстана для палітычнага кантролю над грамадствам.

Рэжым у пошуках лёгкіх даходаў пачаў размяшчаць на нашай зямлі шкодныя вытворчасці, парушаючы экалагічныя правы людзей. Пратэсты грамадскасці супраць небяспечных вытворчасцяў падаўляюцца ці ігнаруюцца. Рэжым груба парушае права грамадзянаў на мірныя масавыя сходы і дэманстрацыі. Улада прысвоіла сабе права даваць ці не даваць санкцыі на іх правядзенне. Такія санкцыі сістэматычна не даюцца, несанкцыянаваныя мірныя акцыі жорстка падаўляюцца. Звыклымі сталі катаванні затрыманых актывістаў. Вярнулася практыка псіхіятрычных рэпрэсій. Парушаецца права на атрыманне аб’ектыўнай інфармацыі. Заблакаваны самы першы ў краіне і самы масавы грамадска-палітычны інтэрнэт-рэсурс „Хартыя-97”. Звыклымі сталі арышты і суды над журналістамі „Белсата”. Аказваецца негалоснае ўздзеянне на кіраўніцтва размешчаных у краіне незалежных медыяў, каб прымусіць іх да патрэбнага ўладзе асвятлення падзей і г.д.”.

Беларускае Радыё Рацыя