Беларусь сярод краін з найгоршымі ўмовамі для працоўных
Дзве новыя краіны ўвайшлі ў дзясятку найгоршых месцаў для працоўных — Беларусь і М’янма. Да такой высновы прыйшлі экспэрты падчас падрыхтоўкі штогадовага Глабальнага індэксу правоў Міжнароднай канфэрэнцыі прафсаюзаў (ITUC).
У антырэйтынгу дзяржаў з найгоршымі ўмовамі для працоўных у 2021 годзе ўваходзяць Бангладэш, Беларусь, Бразілія, Калумбія, Егіпет, Гандурас, Малайзія, Філіпіны, Турцыя і Зімбабвэ.
„Урады і працадаўцы выкарыстоўвалі пандэмію для эксплуатацыі людзей — узмацнялі сачэнне, парушалі пагадненні, звальнялі рабочых, блакавалі і запалохвалі прафсаюзы, звярталіся да гвалту і забойстваў”, — адзначаецца ў справаздачы Міжнароднай канфэрэнцыі прафсаюзаў.
Сёлета істотна ўзрасла колькасць краін, якія перашкаджалі рэгістрацыі прафсаюзаў, — ад 89 летась да 109 зараз. А лік краін, дзе свабода слова і сходаў была абмежаваная, павялічылася з 56 у 2020 годзе да 64 у гэтым.