Беларусь у новы год увойдзе з санкцыямі
Дзеянне еўрапейскага чорнага спісу ўжо распачалося. А ў Амерыцы Сенат ЗША ўхваліў Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі.
Гэта вялікі пакет заканадаўчых дакументаў, які пашырае паўнамоцтвы прэзідэнта Злучаных Штатаў у справе ўвядзення новых санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Паводле кіраўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, амерыканскі акт больш дзейсны на фоне еўрапейскіх санкцый, хаця пакуль трэба дачакацца, калі новы прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі ўступіць на сваю пасаду.
– Гэты інструмент больш моцны, бо ён дае магчымасць прэзідэнту ЗША аператыўна ўключаць у санкцыйны спіс як фізічных асобаў, так і розныя юрыдычныя фірмы. Тут не будзе патрэбнае доўгае ўзгадненне, як гэта адбываецца ў Еўрапейскім звязе. Таму можна казаць пра тое, што так, амерыканскі інструмент больш моцны. І ўплываў на фінансавую палітыку сусветную ў ЗША таксама вельмі шмат і гэтыя ўплывы дастаткова моцныя.
Лідар беларускіх пратэстаў Святлана Ціханоўская таксама адрэагавала на санкцыйную палітыку Еўропы і ЗША. У першую чаргу, яна падзякавала беларусам замежжа, якія спрычыніліся да большага інфармавання міжнароднай супольнасці пра крытычную сітуацыю ў роднай краіне.
– Беларусы Швейцарыі, дзякуй вам за тое, што вы ладзілі пікеты каля штаб-кватэры Міжнароднага алімпійскага камітэту і абаранялі правы спартоўцаў. У тым, што МАК адмовіўся весці справы з рэжымам, ёсць вялікая ваша заслуга. Беларусы з ЗША, вялікі вам дзякуй за дапамогу ў працы над перавыданнем Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, які дазволіць атрымаць дапамогу для мірных людзей і пашырыць санкцыі для памагатых рэжыму.
Афіцыйны Менск таксама анансуе «меры ў адказ». Па словах міністра замежных справаў Беларусі, найперш, гэта будзе стварэнне ўласнага чорнага спісу еўрапейскіх палітыкаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю саюзнай з Расеяй дзяржавы, а таксама перагляд еўрапейскіх праграм, якія рэалізуюцца ў Беларусі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя