Беларусь у спісе найбуйнейшых экспарцёраў зброі
Згодна з дакладам Стакгольмскага міжнароднага інстытута праблем міру SIPRI, Беларусь заняла 18-е месца ў топ-25 найбуйнейшых сусветных экспарцёраў асноўных відаў узбраення.
У дакладзе былі прааналізаваныя дадзеныя з 2012 па 2016 год. Самую вялікую суму на беларускую зброю выдаткаваў Кітай — 170 млн даляраў, наступным па выдатках ідзе В’етнам — 150 млн даляраў, тройку замыкае Судан — 113 млн даляраў. Усяго ж Беларусь экспартавала зброі за названы перыяд на 625 млн даляраў.
Больш за ўсё сродкаў было атрымана за продаж паветраных лятальных апаратаў — 312 млн даляраў і сістэм супрацьпаветранай абароны — 195 млн. Трэцім радком па даходнасці ідзе продаж браніраваных баявых машын — 96 млн.
У мінулым годзе былі дзве буйныя пастаўкі зброі – у М’янму і В’етнам.
У дакладзе паведамляецца, што Мінабароны М’янмы выдаткавала 51 млн даляраў на беларускае ўзбраенне. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра закупку зенітнага ракетнага комплексу «Квадрат-М», распрацаванага беларускім прадпрыемствам ААТ «АЛЕВКУРП».
В’етнам таксама з’яўляецца традыцыйным пакупніком беларускіх ЗРК. Напрыклад, яшчэ ў 2015 годзе войскі СПА і ВПС В’етнама правялі паспяховыя выпрабаванні трох мадэрнізаваных беларускай кампаніяй УП «Тэтраэдр» комплексаў С-125-2ТМ «Пячора-2ТМ». Усе тры ЗРК С-125-2ТМ «Пячора-2ТМ» паспяхова знішчылі 100% цэляў.
Калі казаць пра імпарт узбраенняў у нашу краіну, то больш за ўсё ваеннай тэхнікі беларускім Мінабароны было закуплена ў Расеі – за ўвесь перыяд выдаткі склалі 475 млн даляраў.