Беларус, які жыве ў Ізраілі, распавёў падрабязнасці атакі ХАМАС
Насельніцтва Ізраіля загадзя рыхтуюць, што вайна можа быць доўгай.
У паветры адчуваецца напружаны настрой, але менавіта праз тое, што гінуць людзі, – пра гэта распавёў наш сённяшні Госць Рацыі грамадзянін Ізраіля беларускага паходжання Зміцер Капцэвіч:
РР: У які момант пачалася вайна, як Вы гэта зразумелі? Што там цяпер вакол Вас адбываецца?
– За некалькі дзён да таго, як усё пачалося, палітычнае кіраўніцтва Ізраілю сказала, што яны нарэшце дамовіліся з ХАМАСам. Ізраільская выведка сказала, што зараз не той момант, калі ХАМАС будзе пачынаць вайну, так што ніхто гэтага не чакаў. У суботу ў шабат, калі ў нас выходны дзень, а 6 раніцы прагучала сірэна, і ўсе зразумелі, што вайна ўсё-такі пачалася, па Ізраілі было запушчана вельмі шмат ракетаў. У прынцыпе так і пачалося. На сёння ў Ізраілі аб’явілі ваеннае становішча, апошні раз гэта было 20 гадоў таму. Гэтым разам было нешта незразумелае нечаканае і неверагоднае, што па ізраільскіх гарадах, якія мяжуюць з Сектарам Газа, ездзілі на машынах з аўтаматамі ўзброеныя баевікі. У гэты час якраз праходзіў шабат, фестываль, там было шмат моладзі, і вельмі шмат людзей адразу загінула. Цяпер кажуць, што загінулых больш за 600, больш за 1000 параненых. Самае жахлівае і незразумелае тое, колькі людзей трапіла ў палон. То бок яны былі на ізраільскай тэрыторыі і іх вывезлі ў Сектар Газа. Быў прыклад чалавека, які знаходзіўся ў палоне 5 гадоў, і ў выніку яго абмянялі на 1000 палясцінскіх зняволеных у ізраільскіх турмах. У палоне могуць быць дзеці і жанчыны, ніхто дакладна не ведае, колькі знікла, колькі ў палоне і колькі загінула.
Цалкам размова:
Сёння, 9 кастрычніка, трэці дзень вайны ў Ізраілі. Па папярэдніх звестак за першыя два дні загінула каля 700 чалавек, лік пацярпелых дасягнуў адзнакі больш чым 2000 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя