Беларусь занадта маленькая, каб НАТА звяртала на яе ўвагу?



8 ліпеня ў польскай сталіцы пачаўся саміт НАТА. Апроч дэлегацый з краінаў-сяброў НАТА і афіцыйных кандыдатаў, на сустрэчу была запрошана Украіна.

НАТА

Кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў у размове з нашым радыё зазначыў, што ўсе ключавыя рашэнні былі прыняты яшчэ перад самітам, а сама сустрэча толькі пакажа, наколькі Альянс гатовы дзейнічаць:

– Мне здаецца, што ўсе ключавыя рашэнні ўжо абвешчаны – яны звязаны перш за ўсё з тым, якія меры будуць ужыты для ўмацавання ўсходняга фланга НАТА. Але калі казаць пра найбольш цікавыя рашэнні, то гэта, па-першае, дапамога Украіне – у якім памеры яна будзе, у якім фармаце, і ці будзе яна ў сябе ўключаць перадачу лятальнай зброі, а другі момант – гэта будуць цікавыя кулуары, дзеля таго, каб зразумець, наколькі НАТА кансалідаванае, і ці гатовы яны дзейнічаць у выпадку нейкай крызіснай сітуацыі, і наколькі 5-ы артыкул НАТА можа быць ужыты ў новых умовах гібрыднай вайны.

РР: Літаральна месяц таму напярэдадні саміту НАТА ў Польшчы адбыліся ваенныя вучэнні “Анаконда”, і акурат згодна са сцэнаром ішла гаворка пра 5-ы артыкул: на адну з краінаў напалі і чакаюць амерыканскія войскі, якія будуць яе бараніць. Вучэнні былі таксама ў Гарадзенскай вобласці. Ці гэта сведчыць аб напружанні паміж Беларуссю і краінамі НАТА?

Андрэй Паротнікаў: Абсалютна не, таму што вучэнні ў Гарадзенскай вобласці ніяк не карэлююцца з “Анакондай”. Гэта выпадковае супадзенне, гэта якраз той выпадак, калі папросту адбылося супадзенне, тут не трэба шукаць нейкага злога умыслу. Усё ж такі ў Гарадзенскай вобласці адпрацоўваліся менавіта абарончыя дзеянні ў выпадку задзейнічання сілаў спецыяльных аперацый адной з сумежных краін. Якая гэта можа быць краіна? Гэта ў роўнай ступені можа быць і краіна з НАТА (я нагадаю, што 3 з 5 краінаў, з якімі мы мяжуем, гэта натаўскія краіны), і гэта можа быць краіна, якая не ўваходзіць у НАТА. Таму тут шукаць нейкую карэляцыю не трэба. Гэта выпадак.

РР: Як увогуле НАТА ацэньвае Беларусь? Беларусь з’яўляецца часткай АДКБ, дык можа яны ўвогуле глядзяць на Беларусь як на супраціўніка, таксама як і на Расею? Вось міністр абароны Польшчы заяўляе, што Расея – гэта пагроза. Ці такі самы погляд на Беларусь?

Андрэй Паротнікаў: Тут ёсць два моманты. Па-першае, НАТА не ўважае АДКБ за рэальную сілу. Хацеў бы нагадаць, што з 2004 года АДКБ спрабавала ўсталяваць адносіны з НАТА, гэтыя спробы былі безпаспяховымі, і ў лістападзе 2015 года АДКБ адмовілася ад працягу гэтых спробаў усталяваць супрацоўніцтва з НАТА. Па-другое, я думаю, што не існуе нейкіх адносінаў менавіта НАТА да Беларусі, існуюць двухбаковыя адносіны непасрэдна краінаў. Звязана гэта з тым, што ўсё ж такі мы схільныя перабольшваць уплыў і вагу Беларусі ў міжнароднай сітуацыі. Мы занадта маленькія, каб такая махіна як НАТА звяртала на нас увагу менавіта як Альянс краінаў.

РР: Маленькія – немаленькія, але Беларусь – гэта такі балкон, які ўразаецца ў прастору паміж краінамі НАТА і Украінай.

Андрэй Паротнікаў: Вы ведаеце, з пачатку Другой сусветнай вайны прайшло 77 гадоў. У сітуацыі, калі ў цябе ёсць крылатыя ракеты з дальнасцю 4,5 і болей тысячаў кіламетраў дасяжнасці, гэтыя „балконы” не маюць ніякага ўплыву.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя