Беларусь заняла 119-е месца ў рэйтынгу карумпаванасці



У індэксе ўспрымання карумпаванасці, які штогод складае арганізацыя Transparency International, Беларусь у 2014 годзе заняла 119-е месца. Летась у гэтым рэйтынгу яна была 123-й, як і ў 2012 годзе.

Усяго ў рэйтынгу 175 краін. Разам з Беларуссю 119-е месца дзеляць Мазамбік, Сьера-Леонэ, Танзанія і В’етнам.

Першае месца, што азначае мінімальны ўзровень успрымання жыхарамі краіны карумпаванасці, па-ранейшаму займае Данія, затым ідуць Новая Зеландыя і Фінляндыя. За імі ідуць Швецыя, Нарвегія, Швейцарыя, Сінгапур, Нідэрланды, Люксембург, Канада, Аўстралія, Германія, Ісландыя, Вялікабрытанія.

Суседзі Беларусі — Польшча, Літва, Латвія, Расея і Украіна – займаюць 35-е, 39-е, 43-е, 136-е (разам з шасцю краінамі) і 142-е месцы адпаведна.

На апошніх пазіцыях у рэйтынгу Ірак, Паўднёвы Судан, Афганістан, Судан, Паўночная Карэя, Самалі.

Transparency International – арганізацыя са штаб-кватэрай у Берліне, якая спецыялізуецца на маніторынгу сітуацыі з карупцыяй у свеце.

Індэкс успрымання карупцыі — зборная справаздача, якая ўключае звесткі 13 розных апытанняў экспертных і дзелавых колаў. У сваім даследаванні Transparency International ранжыруе краіны ў залежнасці ад сумы набраных балаў ад 0 да 100, якія прысвойваюцца на аснове апытанняў і звестак розных арганізацый. Чым вышэйшы бал, тым „чысцейшая” краіна з пункта гледжання карупцыі.

belapan.by