Беларусь запрасіла 7 краін назіраць за вучэннямі „Захад-2017”



Беларусь запрасіла Украіну і яшчэ 6 дзяржаў накіраваць назіральнікаў на супольныя расейска-беларускія вучэнні „Захад-2017”. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны дзяржавы.

Да маніторынгу запрасілі Польшчу, Украіну, Літву, Латвію, Эстонію, Швецыю і Нарвегію.

Сілавое ведамства заяўляе, што запрашэнне накіравана згодна Венскаму дакументу АБСЕ ад 2011 года, які патрабуе паведамляць іншаму боку пра вучэнні з удзелам больш 9 тысяч чалавек і забяспечваць абавязковую інспекцыю іншага боку пры вучэннях з удзелам больш 13 тысяч чалавек.

Вучэнні „Захад-2017” пройдуць у Беларусі з 14-га па 20-га верасня. Вайскоўцы Расеі пачалі прыбываць у Беларусь ужо з 24 ліпеня.

Сваю занепакоенасць з нагоды гэтых вучэнняў ўжо выказалі краіны Еўразвязу, НАТА і Украіна.

У жніўні міжнародная даследча-выведвальная супольнасць InformNapalm зафіксавала маштабнае перамяшчэнне расейскай вайсковай тэхнікі па ўсёй лініі еўрапейскай мяжы. Эксперты папярэджваюць, што вучэнні могуць стаць этапам акупацыі і ўцягвання Беларусі ў збройны канфлікт.

Са свайго боку сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў не выключае, што пад выглядам вучэнняў можа адбыцца новае ўварванне расейскіх войскаў ва Украіну, на гэты раз з тэрыторыі Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя