Беларусь запрошаная на першы Форум міру ў Парыжы



Беларусь запрошаная на першы Форум міру ў Парыжы, паведаміў пасол Францыі ў Менску Дзідзье Канес 13 ліпеня, выступаючы на прыёме з нагоды нацыянальнага свята яго краіны — Дня ўзяцця Бастыліі.

Дзідзье Канес

Паводле слоў дыпламата, форум, які пройдзе 11—13 лістапада 2018 года, закліканы стаць адказам на рост напружанасці ў сучасным свеце.

„Спадзяемся, што Беларусь прыме гэта запрашэнне”, — сказаў пасол.

Паводле інфармацыі МЗС Францыі, у рамках гэтага мерапрыемства, якое стане штогадовым, будуць прадстаўляцца праекты, канцэпцыі і ініцыятывы, што забяспечваюць „канкрэтнае садзейнічанне лепшаму міжнароднаму супрацоўніцтву па асноўных глабальных пытаннях, развіццю больш справядлівай глабалізацыі і больш эфектыўнай шматбаковай сістэмы”. У працы форуму возьмуць удзел некалькі тысяч чалавек: кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, прадстаўнікі вядучых міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці. На мерапрыемстве будзе разгледжана 150 праектаў.

Парыжскі форум міру накіраваны на „пацвярджэнне важнасці шматбаковага падыходу і сумесных дзеянняў у святле праблем, якія стаяць”. Яго задачай з’яўляецца „ўмацаванне справы міру за кошт лепшага глабальнага рэгулявання і садзейнічанне ўсяму, што спрыяе зніжэнню міжнароднай напружанасці: супрацоўніцтву паміж дзяржавамі для вырашэння трансгранічных праблем, сумеснаму кіраванню аб’ектамі сусветнай спадчыны, лепшаму рэгуляванню інтэрнэту і абмену інфармацыяй і г.д.”.

Праца Парыжскага форуму міру будзе весціся па пяці тэматычных кірунках: мір і бяспека, экалогія, развіццё, лічбавыя тэхналогіі, інклюзіўная эканоміка.  БелаПАН