Беларусь шмат не заробіць на расейскіх санкцыях



На пачатку ўводу санкцый Еўразвяза і ЗША ў дачыненні да Расеі эканамічныя эксперты па-рознаму прагназавалі ўплыў гэтых санкцый на эканоміку Беларусі. Некаторыя нават лічылі, што ў гэтай сітуацыі Беларусь зможа атрымаць пэўныя выгоды, замяніўшы на расейскім рынку некаторых заходніх ды ўкраінскіх імпарцёраў. “Але ўсе аптымістычныя прагнозы не спраўдзіліся”, – кажа эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч:

Па-рознаму глядзелі. Хтосьці прарочыў ўзбагачэнне Беларусі ад санкцый, а хтосьці прарочыў крызіс. Асабіста я адразу бачыў праблему менавіта ў тым, што мы ў кароткатэрміновай перспектыве можам штосьці перахапіць, але ў сярэдне- і далёкатэрміновай перспектыве гэта будуць адназначныя страты. Насамрэч нават мае стрыманыя аптымістычныя прагнозы не пацвердзіліся.

Паводле Аляксандра Сінкевіча, крызіс будзе нарастаць. Эканоміка Беларусі, якая завязана і на расейскую сыравінную базу, і на расейскі рынак, будзе вымушана або цалкам падпарадкоўвацца расейскаму капіталу, або шукаць нейкіх самастойных альтэрнатыўных шляхоў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя