Беларусь зацікаўленая ў патэнцыяле Усходняга партнёрства



Беларусь зацікаўленая ў выкарыстанні канструктыўнага патэнцыялу Усходняга партнёрства для пераадолення раздзяляльных ліній і аднаўлення даверу. 

Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 22 чэрвеня на прэс-канферэнцыі па выніках 10-га раўнда нефармальных міністэрскіх дыялогаў Усходняга партнёрства (УП).

„У нас адбыўся адкрыты і канструктыўны абмен меркаваннямі аб далейшым развіцці Усходняга партнёрства з улікам вынікаў саміту ў Бруселі, а таксама ў кантэксце сітуацыі ў рэгіёне, — сказаў Макей. — Мы гаварылі пра тое, як рэалізоўваць ўзгодненыя на саміце „20 мэтаў да 2020 года”, як адаптаваць Усходняе партнёрства да патрэбаў і інтарэсаў краінаў-партнёраў, як павышаць эфектыўнасць супрацоўніцтва ў яго рамках”.

Паводле слоў Макея, кіраўнікі дэлегацый усіх шасці краін УП выказаліся за развіццё прыкладных форм узаемадзеяння, звязаных з „адчувальнымі сацыяльна-эканамічнымі перавагамі” для краін — удзельніц ініцыятывы і ЕС. „У наяўнасці разуменне важнасці ўмацавання шматбаковага фармату Усходняга партнёрства на аснове значных і актуальных для ўсіх краін-партнёраў праектаў і праграм, — сказаў кіраўнік МЗС. — Мы гаварылі, што Усходняе партнёрства павінна быць арыентаванае на дасягненне канкрэтных вынікаў, павінна быць прагматычным і прывесці да таго, каб шараговыя грамадзяне нашых краін адчулі аддачу ад гэтай ініцыятывы”.

Макей таксама паведаміў, што асаблівая ўвага падчас сустрэчы надавалася новым магчымасцям фінансавай падтрымкі праектаў у межах УП. „Мы абмеркавалі перспектывы працы ў нашым рэгіёне створанага Еўрасаюзам Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця і прапанавалі Еўракамісіі істотна павялічыць бюджэтныя асігнаванні на развіццё адносін з замежнымі суседзямі ў 2021—2027 гадах”, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Яшчэ адной тэмай сустрэчы, паводле яго слоў, стала абмеркаванне неабходнасці рэкламнай кампаніі ў рамках Усходняга партнёрства, дзякуючы якой краіны ЕС і УП больш даведваліся б адна пра адну, пра дасягненні і перавагах супрацоўніцтва. „Такая інфармацыйная праца павінна служыць умацаванню ўзаемаразумення ў рэгіёне”, — лічыць Макей.

Усходняе партнёрства, падкрэсліў ён, павінна развівацца ў неканфрантацыйным ключы і не павінна быць накіраванае супраць інтарэсаў трэціх краін.

Макей таксама адзначыў, што Беларусь нязменна пратрымліваецца мірнага ўрэгулявання канфліктаў і мае намер і надалей падтрымліваць адпаведныя міжнародныя намаганні. „Лічым, што гэтаму спрыяла б таксама збліжэнне еўрапейскіх і еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў на нашым кантыненце, — сказаў міністр. — У сувязі з гэтым мы выступаем за прамы дыялог паміж ЕС і ЕАЭС з перспектывай фарміравання стабільнай і квітнеючай агульнай эканамічнай прасторы паміж Ціхім і Атлантычным акіянамі”.

belapan.by