Беларусь жыве па Канфуцыю: Дрэнна жыць у цікавыя часы



У студыі Беларускага Радыё Рацыя Аляксандр Фядута – публіцыст, палітык, літаратуразнаўца. 

РР: Ці можна сказаць, што мы жывём у цікавыя часы? Прынамсі, шмат такіх заяваў з’явілася ў сацыяльных сетках. У Беларусі пачало штосьці мяняцца. 

Аляксандр Фядута: Дваццаць год як дзейнічае ў адносінах да Беларусі запавет Канфуцыя: “Дрэнна жыць у цікавыя часы”. Зараз, паколькі жыць становіцца ўсё цікавей і цікавей, жыць становіцца ўсё горш і горш.

РР: Пратэсты, якія прайшлі хваляй па Беларусі і завяршыліся брутальнымі разгонамі і шматлікімі затрыманнямі, паводле Вас, гэта нешта надзвычайнае, бо ўпершыню выйшлі на вуліцы рэгіёны?

Аляксандр Фядута: Нічога надзвычайнага няма. Я чалавек ужо немалады, і памятаю, што страйкі ў Савецкім Саюзе пачаліся менавіта з Беларусі, калі падчас гарбачоўскіх рэформаў быў уведзены 5% падатак. І выйшлі страйкаваць і гарнякі Салігорска, і супрацоўнікі менскіх заводаў, тое ж было і ў буйных гарадах, такіх як мая родная Гародня. І вылучаліся тады не нейкія палітычныя патрабаванні, а патрабаванні выключна эканамічныя. Фактычна гэта азначае, што мы вярнуліся ў 1990-91 гады. Таму нічога надзвычайнага не адбылося. Надзвычайнае – гэта калі раптам народ пачынае свядома вылучаць пэўныя палітычныя патрабаванні да ўлады. У нас – не. Віталь Портнікаў, вядомы ўкраінскі публіцыт, напісаў слушна, што відавочнае адрозненне таго, што адбываецца ў Беларусі ад таго, што адбылося  ва Украіне, гэта тое, што там пайшлі на Майдан дзеля незалежнасці і дэмакратыі, дзеля свабоды фактычна. А  ў Беларусі – за дабрабыт. І калі ўлады змогуць яго забяспечыць для беларусаў, то ізноў усё будзе добра.

РР: Ці можна сказаць, што ў панядзелак у Пецярбурзе Аляксандр Лукашэнка знайшоў гэтую крыніцу дабрабыту?

Аляксандр Фядута: Было сказана, што праз 10 дзён мажліва будзе вырашана ўсё, што тычыцца спрэчак па нафтагазавым пытанні. Мы пакуль што не ведаем, што Расея патрабавала. За гэтыя 10 дзён Лукашэнка будзе прымушаны прыняць нейкія рашэнні, згодна з якімі стане відавочна, чым ён заплаціў за працяг фінансавання сваёй улады.

РР: Ці бачыце Вы цяпер  у беларускай дэмакратычнай супольнасці нейкае разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі, і разуменне плану, што далей рабіць?

Аляксандр Фядута: Не, нічога такога я не бачу. З майго пункту гледжання , беларуская дэмакратычная супольнасць павінна вырашыць менавіта што рабіць, а не што казаць.  А сапраўдных дзеячоў, а не толькі аратараў, палітычных функцыянераў, няшмат. І з майго пункту гледжання, самы яркі з новай генерацыі зараз знаходзіцца ў турме – гэта Зміцер Дашкевіч. Я пакуль што не бачу ў старой апазіцыі нікога, хто быў бы здольны стаць побач з ім.

РР: На наступным тыдні прадстаўнікі польскага парламенту ізноў збіраюцца ў Беларусь.  

Аляксандр Фядута: Зразумела, што яны збіраюцца. Але сёння ў Беларусі афіцыйна няма палітзняволеных. І я думаю, што Лукашэнка выдатна разумее, калі справа “Белага легіёну” і “Маладога Фронту” не будзе вырашана да пачатку ліпеня, хутчэй за ўсё ён атрымае байкот  Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, якая мусіць адбыцца ў Менску, з боку шэрагу ўплывовых дэлегацый еўрапейскіх краін. І будзе хутчэй за ўсё адменены візіт Папы Рымскага ў Беларсь. І тое, і другое для Лукашэнкі зараз вельмі патрэбнае. Таму, я думаю, пэўным чынам ён зробіць усё, каб да гэтага тэрміну не з’явілася тых, каго можна назваць палітзняволенымі.

РР: Шмат было параўнанняў апошніх падзей з падзеямі 2010 года. Ці бачыце Вы падабенства? Тады дзясяткі палітыкаў, у тым ліку і Вы, знаходзіліся ў КДБ, у „Амерыканцы”, і ў той час фактычна знішчана была усякая грамадская актыўнасць.

Аляксандр Фядута: Не. Была пэўная паўза. Пасля арыштаў 2010 года апазіцыя і грамадзянская супольнасць неяк разгубіліся.  Не ведалі што рабіць . Зараз усе ведалі што рабіць. Пачалі збірацца грошы для тых, хто мусіў заплаціць вялікія штрафы, збіраліся грошы для тых, каму былі патрэбныя адвакаты. Беларусы замежжа ўпершыню за доўгія гады збіралі грошы на гэтыя штрафы. Падчас апошняй абароны Курапатаў людзі адгукнуліся на заклік Дашкевіча і збіралі грошы, цёплыя рэчы, ежу. І гэта, насамрэч, напалохала ўладу. Бо яна ўбачыла салідарнасць са справай. Не з ідэяй, а са справай. І менавіта таму Зміцер Дашкевіч сёння знаходзіцца ў турме. Бо ніякіх радыкальных заклікаў ад яго я не чуў. 

РР: Паводле Вас, ці будуць узрастаць палітычныя настроі ў грамадстве?

Аляксандр Фядута: Палітыка – гэта амаль тая ж сезонная справа, як напрыклад, праца на лецішчы. Усе разумеюць, што летам будзе лягчэй, увосень – яшчэ лягчэй. А вось пасля, калі ў лістападзе яны атрымаюць першыя плацёжкі, і трэба будзе заплаціць за новы кошт энерганосьбітаў, вось тады, мажліва, пачнецца новы палітычны сезон.

РР: Ці бачыце Вы сярод цяперашніх чыноўнікаў людзей, якія гатовыя браць адказнасць за тое, што адбываецца ў Беларусі?

Аляксандр Фядута: Ёсць тыя, хто здольны ўзяць за сябе адказнасць, як напрыклад, спадар Макей, які ўсё ж такі разумее, што нават у гісторыі трэба адрозніваць агульную палітычную карпаратыўную адказнасць, і персанальную адказнасць за тую справу, якую ты робіш. Усе астатнія спадзяюцца, што яны здолеюць схавацца за моцную пастаць Аляксандра Лукашэнкі. Але ж ён ужо сівы, і ён ужо ўсё меньш асабіста кіруе дзяржавай. І схавацца за яго будзе немажліва. Хутчэй ён пачне ў пэўны момант хавацца за тых, хто сёння лічыць, што ён усяго толькі выконвае загады. Не.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.