Беларусь-ЗША: нармалізацыя адносінаў?



“Ёсць усе падставы казаць пра пэўную нармалізацыю беларуска-амерыканскіх адносінаў”, – лічыць намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў. Гэтыя словы прагучалі ў час анлайн-канферэнцыі на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА. Паводле яго, Беларусь заўсёды імкнулася падтрымліваць са Злучанымі Штатамі партнёрскія адносіны, а цяпер актыўна шукае, між іншым, больш шырокі доступ да амерыканскага рынку і магчымасці прыцягнення інвестыцый.

Добрым знакам лічыць Аляксандр Гур’янаў і той факт, што нядаўна з “Беларуснафты” і Трастбанка Злучаныя Штаты знялі накладзеныя на іх санкцыі, хоць, паводле яго, нельга казаць пра тое, што гэта “адкрывае новую старонку ў гісторыі ўзаемаадносінаў”.

“ЗША заўсёды даюць шанец іншым краінам і пакідаюць своеасаблівую фортку для нармалізацыі адносінаў”, – кажа намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі. Аднак пры гэтым варта памяць, што Беларусь не вядзе самастойную палітыку:

Рэжым на Беларусі – гэта вытворная ад расейскага. Нават і сумесныя калегіі Міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расеі час ад часу праводзяцца. Сам Лукашэнка не ёсць самастойным дыктатарам, як гэта многія памылкова пішуць. Таму разглядаць любыя знешнепалітычныя адносіны Беларусі трэба з гэтага пункту гледжання. Але пажывем-пабачым, бо на сённяшні дзень Расейская Федэрацыя, якая не мае такіх рэсурсаў, каб моцна зацугляць постсавецкую прастору, больш за тое, яна гэта спрабуе рабіць самымі варварскімі метадамі, і мы ва Ўкраіне гэта бачым, таму ў гэтай сітуацыі магчымае аслабленне яе ўплыву і нейкае такое асцярожненькае паляпшэнне адносінаў.

Юрась Беленькі падкрэслівае, што пры гэтым аб’ектыўна нармалізацыя адносінаў з такой магутнай краінай як ЗША – гэта карысць для Беларусі.

Іншы беларускі апазіцыянер, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Карняенка адной з прычын магчымага пацяплення паміж Менскам і Белым Домам называе “не зусім адэкватныя паводзіны беларускай апазіцыі”:

– Я так разумею, што не бачаць у апазіцыі салідных партнёраў. Гэта выяўляецца ў тым, што апазіцыя ўжо амаль год спрабуе паставіць “каня папярод воза”, і не маючы яшчэ прэтэндэнтаў, усё спрабавала вызначыць працэдуру абрання адзінага кандыдата. У гэты час адбываліся нейкія туманныя, цмяныя дзеянні. То вылучалі нейкіх намеснікаў у кандыдаты і гэтык далей, але ўсё гэта ператварылася ў даволі зацяглую гульню, якая і стварыла дастаткова адмоўны імідж апазіцыі. Сэнс такі: мы ў нешта гуляем, а ў што – нікому не скажам. Такая сітуацыя назіраецца ўпершыню ў час падрыхтоўкі да так званых прэзідэнцкіх выбараў.

Палітычны эксперт Паўлюк Быкоўскі лічыць, што пэўная нармалізацыя адносінаў са Злучанымі Штатамі сапраўды мае месца, аднак гэтыя адносіны ў пэўных сферах ніколі не перарываліся:

Гэта найперш сфера бяспекі, тут супрацоўнітцва ніколі не спынялася. Таксама Злучаныя Штаты аказваюць дастаткова вялікую падтрымку па лініі USAID, якая тычыцца навучання беларускіх чыноўнікаў і адбудовы розных інфраструктурных праектаў. Гэтыя праграмы дзейнічаюць і ёсць. Але ёсць сферы, у якіх Беларусі і ЗША не знаходзяць паразумення, гэта найперш сферы, якія тычацца каштоўнасных рэчаў. ЗША – гэта сталы крытык сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У адказ МЗС Беларусі штогод робіць справаздачу парушэнняў правоў чалавека, у прыватнасці, у ЗША. Так што ў дыпламатычных адносінах ідзе такі “абмен ударамі”, але ў надзённых пытаннях супрацоўніцтва ніколі не спынялася.

 РР: Але ці ўсё ж такі гэтая характарыстыка, якую ўжыў Аляксандр Гур’янаў, “нармалізацыя адносінаў” – яна мае месца?

Так. Павялічылася колькасць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства ў Менску. Амерыканскае пасольства ў выніку атрымала магчымасць разглядаць заяўкі на атрыманне візаў у ЗША. Бо калі беларускі бок прымусіў скараціць колькасць супрацоўнікаў, то ЗША адмовіліся выдаваць візы і грамадзяне Беларусі мусілі па гэтыя візы звяртацца ў пасольства ў Кіеве або ў Маскве, або разглядалі іншыя варыянты. Так што пэўная нармалізацыя сапраўды існуе.

Пры гэтым, дадае Паўлюк Быкоўскі, пакуль невырашальнымі застаюцца пытанні каштоўнаснага характару, такія як захаванне правоў чалавека, і ў гэтых пытаннях мячык, як кажуць, на баку Беларусі.

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя

Гукавая версія матэрыяла