Беларусь звярнулася па дапамогу да Расеі ў барацьбе з каронавірусам
Беларусь звярнулася па дапамогу да Расеі ў барацьбе з каронавірусам, паведамляе газета «КоммерсантЪ» са спасылкай на крыніцы ў расейскіх дзяржструктурах.
«Беларусь, як расказалі »Ъ« суразмоўцы ў расейскіх дзяржструктурах, знаходзіцца ў ліку постсавецкіх краін, якія накіравалі на адрас Расеі афіцыйныя запыты з просьбай выдзеліць ахоўныя маскі, тэст-сістэмы, апараты ШВЛ, – піша выданне. – Падобныя запыты, сказала інфармаваная крыніца »Ъ«, па дыпламатычных каналах накіравалі практычна ўсе краіны СНД, за выключэннем Украіны і Туркменіі».
«Інфармацыя акумулюецца і перадаецца ў штаб, дзе прымаецца рашэнне, каму і што выдзяляць. Наменклатура – ад марлевых павязак да ШВЛ», – апісаў патрэбы суседзяў прадстаўнік дзяржструктур РФ.
Ён растлумачыў, што для выдзялення запытанай дапамогі неабходны спецыяльны дазвол урада Расеі, бо 2 сакавіка была прынятая пастанова, якая забараняе вываз з краіны медыцынскай прадукцыі.
Каментуючы сітуацыю ў Беларусі, суразмоўца выдання выказаў надзею, што там пачнуць больш адказна падыходзіць да барацьбы з распаўсюджваннем каронавірусу. «Мы ад іх засцерагаемся. Але задачу гэтую трэба вырашаць сумесна, бо калі ў адной краіне эпідэмія пойдзе на спад, а ў другой – узнікне яе ачаг, то пагроза захаваецца», – заявіў ён.