Беларусам і ўкраінцам спрасцілі атрыманне грамадзянства РФ
Дзяржаўная Дума Расейскай Федэрацыі 5 сакавіка прыняла ў трэцім чытанні папраўкі ў закон „Аб грамадзянстве Расейскай Федэрацыі” аб прызнанні носьбітамі расейскай мовы без праходжання сумоўя грамадзян Беларусі і Украіны, якія свабодна валодаюць расейскай мовай, а таксама ўхваліла ініцыятыву, якая ўводзіць адзіны тэрмін разгляду заяў аб прыёме ў грамадзянства РФ у спрошчаным парадку, пададзеных на тэрыторыі Расеі, — да трох месяцаў з дня падачы заявы (згодна з дзейным заканадаўствам, разгляд такіх заяў займае да паўгода).
Як паведаміла прэс-служба Дзярждумы, прадугледжваецца, што грамадзяне Беларусі і Украіны могуць быць прызнаныя носьбітамі расейскай мовы пры наяўнасці вызначаных законам падстаў (гэтыя асобы альбо іх сваякі па прамой узыходнай лініі пастаянна пражываюць або раней пастаянна пражывалі на тэрыторыі РФ альбо на тэрыторыі, што адносілася да Расейскай імперыі ці СССР, у межах дзяржаўнай мяжы РФ) без праходжання сумоўя з камісіяй па прызнанні замежнага грамадзяніна ці асобы без грамадзянства носьбітам расейскай мовы.
„Мы спрашчаем працэдуру атрымання грамадзянства РФ і пазбаўляем ад бюракратычнай цяганіны расейскамоўных суайчыннікаў і тых грамадзян былых савецкіх рэспублік, якія ўжо пражываюць на тэрыторыі нашай краіны альбо звязваюць сябе з Расеяй”, — заявіў раней спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін.
Паводле яго слоў, Дзярждума паслядоўна рэалізуе ініцыятывы, скіраваныя на падтрымку суайчыннікаў: ужо прыняты шэраг рашэнняў, „якія дазволілі за адзін толькі 2019 год стаць паўнавартаснымі грамадзянамі Расеі амаль пяцістам тысячам выхадцаў з Украіны, Беларусі, Арменіі і іншых былых савецкіх рэспублік”.
Прапанова аб адмене сумоўя была ўхваленая ўрадам Расеі 17 кастрычніка 2019 года. Расейска-ўкраінскі журналіст Мацвей Ганапольскі ў эфіры тэлеканала „Прямий” (Кіеў) у дзень пасяджэння ўрада РФ заявіў, што, паводле яго звестак, гэтыя змены ў закон „вельмі моцна скіраваныя на Беларусь”. „Гэта галоўны прынцып паглынання Беларусі. Ён (прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.) адчувае — ну, як было сказана мне маімі расейскімі сябрамі, — ён адчувае, што ёсць вялікая праблема са спадаром Лукашэнкам, што ён не хоча (палітычнай інтэграцыі.), што ён супраць і г.д. і г.д. Ах, ты супраць, ну тады… Там яны мне кажуць, што Украіна — гэта проста заадно. А галоўнае — гэта Беларусь”, — сказаў Ганапольскі.