Беларусам трэба ўсвядоміць, што мы ў вайне



Найперш мой заклік датычыць медыйшчыкаў і грамадскіх актывістаў. Калі вы з’ехалі з Беларусі з цёплай лямпавай эндэашнай рэальнасці, і працягваеце за мяжой мераць жыццё сваімі звыклымі крытэрамі, – вы не толькі памыляецеся. Вы месцамі шкодзіце.

І я хачу сказаць кожнаму беларусу: вы альбо суб’ект, альбо аб’ект вайны.

Абрывіятура НДА расшыфроўваецца як недзяржаўная арганізацыя.

НДА прыдумалі ў ЗША дзеля таго, каб людзі маглі рэалізоўваць свае грамадскія памкненні. Спектр вялікі – ад назірання за птушкамі да падтрымкі пераследаваных грамадскіх меншасцяў.

Тое, што прыдуманае ў ЗША, не абавязкова працуе ў дыктатарскіх рэжымах. 

У дыктатурах любая непадкантрольная дзяржаве ініцыятыва, нават на ўзроўні назірання за птушкамі, ёсць пагрозай.

Да 2020 году ў Лукашэнкі была ілюзія ўсенароднай падтрымкі. Таму ён цярпеў усе гэтыя сотні НЖО, бо не баяўся.

Цяпер у Беларусі няма ніякіх незалежных НДА. 

Бо нават калі вы разам назіраеце за птушкамі, вы ўсё роўна абмяркоўваеце стан рэчаў у краіне.

У дыктатурах штосьці несанкцыявана можна абмяркоўваць толькі ў турэмнай камеры.

НДА прыдуманыя ў свабоднай краіне. Сёння ў несвабоднай Беларусі могуць быць толькі падпольныя арганізацыі.

Не так даўна мне давялося тлумачыць.

Рэпрэсіі за часы лукашызму былі заўжды. Але толькі ў 2020-м годзе ў большасці беларусаў адкрыліся вочы на сапраўдны стан рэчаў. А менавіта, што з Беларусі спрабуюць зрабіць зону.

Памятаю сваіх знаёмых, якія сем’ямі выходзілі на Маршы, а пасля казалі мне, што не ўяўлялі, што ўлада здатная на такія маштабныя злачынствы супраць людзей.

“Мы журналісты вам распавядалі пра гэтае ўсё”, – казаў я. “А мы думалі, што вы проста грошы адпрацоўваеце”.

Вялікая колькасць цяперашніх рэпрэсаваных людзей і праўда не маглі ўявіць сабе ступень злачыннасці лукашэнкаўскай ўлады.

Але вернемся да эндэашнай рэальнасці.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя