Беларусам замежжа для галасавання на выбарах прапануюць прыехаць на радзіму
Адсутнасць выбарчых участкаў за мяжой не ўшчамляе правы грамадзян. Так старшыня ЦВК Ігар Карпенка пракаментаваў рашэнне не фармаваць выбарчыя ўчасткі за мяжой.
Чыноўнік паведаміў, што раней замежныя выбарчыя ўчасткі былі прыпісаныя да Ленінскага раёна Менска, дзе размяшчаецца Міністэрства замежных спраў.
„У адпаведнасці з новым выбарчым заканадаўствам мы не фармуем выбарчыя ўчасткі за мяжой. Але гэта не ўшчамляе правы грамадзян, якія выехалі па тых ці іншых прычынах за мяжу — яны могуць прыехаць у краіну і ў перыяд датэрміновага галасавання з аўторка па суботу або ў адзіны дзень галасавання, 25 лютага 2024 года, выканаць свой грамадзянскі абавязак — прыйсці на ўчасткі і прагаласаваць”, — цытуе БЕЛТА словы Карпенкі.
Ад фармавання выбарчых участкаў за мяжой улады адмовіліся пасля 2020 года. Тады на большасці такіх участкаў галасы былі аддадзеныя за Святлану Ціханоўскую. Беларусы замежжа стваралі доўгія чэргі для галасавання. За апошнія гады колькасць апанентаў улады за мяжой павялічылася шматкроць, таму афіцыйны Менск вырашыў не даваць ім магчымасць галасаваць.
Беларускае Радыё Рацыя