Беларускія прадпрыемствы па-ранейшаму гандлююць з ЛНР і ДНР за спінай Украіны



Беларускія прадпрыемствы па-ранейшаму гандлююць з непрызнанымі ЛНР і ДНР за спінай Украіны.

Паводле прызнання народага дэпутата Дмытра Тымчука, зробленага выданню «Гардон», толькі ў Луганску штодня разгружаецца каля трох соцень грузавых аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй.

Харчовая прамысловасць у непрызнаных “ЛНР” і “ДНР” практычна знішчаная, як і сельская гаспадарка. Абсалютная большасць прадуктаў завозіцца ў Луганск і ў Данецк з Расейскай Федэрацыі. Але кошты на іх неабгрунтавана высокія, а якасць ніжэйшая за сярэдняю. Беларускія прадукты маюць традыцыйна высокую рэпутацыю, а кошты на іх на парадак ніжэйшыя за расейскія. Найбольш папулярныя тавары — каўбасы, вяндліна, згушчанае малако, сметанковае масла, цукеркі і нават піва.

Аднак беларускія тавары трапляюць на тэрыторыю самаагалошаных рэспублік нелегальна, праз Расейскую Федэрацыю. Паводле ўкраінскіх законаў, гэтыя тавары кантрабандныя, таму што не ападаткоўваюцца ўкраінскімі акцызамі.

Нагадаем, што яшчэ 2 жніўня 2017 года ўкраінскі пасол у Беларусі Ігар Кізім паабяцаў санкцыі супраць тых беларускіх кампаній, якія гандлююць з непрызнанымі рэспублікамі.

Пакуль, аднак, ніводнае беларускае прадпрыемства пад украінскія санкцыі не трапіла.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя