Беларуска-шведская канферэнцыя „Паглыблены Дыялог”
У Менску адбылася беларуска-шведская канферэнцыя „Паглыблены Дыялог”. Па словах аднога з яе арганізатараў, дырэктара цэнтра „Еўрапейскі дыялог” Анатоля Лябедзькі, канферэнцыя вельмі прадстаўнічая. У ёй удзельнічаюць 16 арганізацый Беларусі і Швецыі, якія працуюць разам ужо 5 гадоў. На канферэнцыі яе ўдзельнікі робяць справаздачу за бягучы год, – распавядае Анатоль Лябедьзка:
– Былі створаны тры камітэты. І 11 беларускіх удзельнікаў прывязаны да працы ў гэтых камітэтах. Ёсць камітэт па прававых пытаннях, які я асабіста каардыную. Ёсць камітэт па эканамічных пытаннях, ёсць камітэт па сацыяльнай праблематыцы. Мы прэзентуем нашу працу, што мы рабілі, плюсы і мінусы. Тут і шведскі досвед. Таму што на працягу гэтага года ўдзельнікі 11 арганізацый выязджалі ў Швецыю, знаёміліся як супрацьдзейнічаць карупцыі, як ствараць новыя працоўныя месцы, як праводзіць судовую рэформу.
Па выніках працы ўдзельнікі канферэнцыі сфармавалі планы працы на будучы год. Канешне, зараз у значнай ступені гэта праца ў партфель, – прызнае Анатоль Лябедзька. Але вельмі важна, што ў гэтым партфелі, – ён пусты ці там ёсць распрацаваныя праекты законаў, распрацаваныя канцэпцыі, якія могуць спатрэбіцца ўжо ў бліжэйшы час. І гэтым займаецца беларуска-шведская міжпартыйная пляцоўка „Паглаблены Дыялог”.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя