«Беларуска-ўкраінскі дыялог»: падарваны двухбаковы гандаль, які залежыць ад вынікаў вайны



Беларуская экспертная сетка «Наша меркаванне», сумесна з радай па знешняй палітыцы «Украінская прызма», прадставілі анлайн-прэзентацыю вынікаў экспертнага семінара «Беларуска-ўкраінскі экспертны дыялог: будучыня двухбаковых адносін».

Галоўныя высновы семінара агучыла кандыдат гістарычных навук, аналітык беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Роза Турарбекава:

-Сітуацыя застаецца напружанай. Ёсць стаўленне да Беларусі як да пагрозы, якая сыходзіць з яе тэрыторыі. Сфармавалася разуменне, што не ўсё так проста з працэсам прыняцця рашэнняў у кантэксце стасункаў паміж Крамлём і Менскам. Па заканчэнні вайны ўсе эксперты прагназуюць дастаткова хуткае аднаўленне стасункаў. Аднак, улічваючы тое, што дэмакратычныя змены ў Беларусі пацягнуць за сабой страту выгаднай схемы закупкі таннай расейскай нафты, гандаль нафтапрадуктамі ўжо не будзе высока маржынальным. У выпадку, калі ў Беларусі не зменіцца палітычны рэжым, беларускія эксперты лічаць, што Лукашэнку няма розніцы з кім гандляваць. Украінскія эксперты адмаўлялі магчымасць аднаўлення эканамічнай супрацы з рэжымам Лукашэнкі.

Эксперты адзначаюць, што ацаніць маштабы стратаў для беларускага боку ў выніку санкцый з-за вайны ва Ўкраіне вельмі цяжка. Прычына –  адсутнасць адкрытай статыстыкі па гандлі нафтапрадуктамі. Тым не менш, зыходзячы з дадзеных украінскіх мытных службаў, аб’ём гандлю паміж краінам за перыяд з лютага па кастрычнік 2022 г. упаў у дзясяткі разоў.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя