Беларускае войска: тэрыторыя патрыётаў ці рассаднік „русского мира”?



Паводле артыкула 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, наша краіна з’яўляецца нейтральнай дзяржавай. Згодна беларускай вайсковай дактрыне, у міралюбнай Беларусі няма непасрэдных ворагаў.

Пры гэтым Беларусь уваходзіць і ў Арганізацыю Дамовы пра калектыўную бяспеку, дзе трымае рэй Расея, і ў іншыя пракрамлёўскія вайсковыя структуры. Да таго ж, на тэрыторыі нашай краіны існуюць старыя расейскія вайсковыя базы і плануюцца новыя, а ў Крамлі не стамляюцца паўтараць, што Беларусь – гэта частка так званага “русского мира”.

Нешта падобнае назіралася і ва Украіне часоў Януковіча. Скончылася гэта анэксіяй Крыма і вайною на Данбасе, канца якой пакуль не відаць. Але ж ва ўкраінскім войску былі сапраўдныя патрыёты, якія здолелі даць адпор акупантам.

Ці будзе беларускае войска ў разе чужынскай навалы бараніць нашу Радзіму?

Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з праваабаронцам Алегам Мацкевічам, які жыве ў вайсковым гарадку Печы непадалёк ад Барысава.

Алег Мацкевіч: Сучасны Барысаў – гэта, найперш, шмат вайсковых частак. Сам я жыву ў адной з такіх вайсковых частак – Печах. Я добра ведаю менталітэт гэтых людзей. Амаль усе яны немясцовыя…

РР: А адкуль прыехалі?

Алег Мацкевіч: З розных куткоў былога СССР. Бо ў савецкі час пераводы вайскоўцаў з адной часткі ў іншую адбываліся вельмі мабільна. Яны не служылі так, як цяпер – пераважна ў адным гарнізоне. Вось гэтыя людзі і жывуць у Барысаве. Але ж менталітэт іх не змяніўся…

РР: То бок, ён савецкі?

Алег Мацкевіч: Так. Але ж гэтыя людзі, а таксама іх дзеці ці служаць у беларускім войску, ці маюць да яго нейкае дачыненне. І гэта – нейкі сурагат беларускай свядомасці.

Так, яны лічаць сябе грамадзянамі Беларусі, але жывуць пераважна тымі падзеямі, якія адбываюцца ў Расеі. Адбываецца гэта дзякуючы найперш тэлевізару. Усе сядзяць перад “зомбаскрыняй”, глядзяць тыя ж расейскія тэлеканалы і аўтаматычна трапляюць у культурнае поле Расеі.

Што тычыцца самога Барысава, то па беларускіх мерках – гэта даволі буйны горад з даволі развітай прамысловасцю і інфраструктурай… Але я б не сказаў, што свядомасць барысаўчанаў карэнным чынам адрозніваецца ад свядомасці тых, хто жыве ў вайсковым гарадку Печы. Чаму? Напэўна, гэта вынік лукашэнкаўскай прапаганды і ўвогуле лукашэнкаўскага кіравання.

РР: Усё, што вы распавядаеце, вельмі нагадвае Украіну, калі ў 2014 годзе ўкраінскія афіцэры, якія таксама гадаваліся ідэямі “русского мира”, пачалі масава дэзертыраваць ці нават пераходзіць на бок агрэсара. Уяўная сітуацыя: у Беларусь уваходзяць так званыя “ветлівыя людзі” з Усходу. На ваш погляд, ці стане барысаўскі гарнізон бараніць ад іх нашу краіну?

Алег Мацкевіч: Мне цяжка ўявіць такую сітуацыю, а тым больш – цяжка спрагназаваць яе наступствы. Хочацца, каб хаця б нейкі цывільны супраціў усяму гэтаму быў. Хочацца, каб адбывалася хаця б нейкае цывільнае непадпарадкаванне. Я не кажу пра вайсковае супрацьстаянне – гэта немагчыма. Думаю, што пэўная частка вайсковаслужбоўцаў Беларусі не ўспрымуць акупацыю як нармальную з’яву.

РР: А ці ёсць у беларускім войску сапраўдныя беларускія патрыёты?

Алег Мацкевіч: Сярод моладзі, магчыма, ёсць. Я не кажу пра старэйшае пакаленне афіцэраў – яно пераважна згубленае. Можа, сярод старэйшага пакалення таксама ёсць перакананыя беларусы, але ж пад ціскам абставінаў яны сябе ніяк не праяўляюць.

РР: Баяцца?

Алег Мацкевіч: У сучасных умовах, я думаю, – так, баяцца. Але ж калі пачнуцца падзеі, звязаныя з рызыкай для кар’еры і нават жыцця, трэба проста нейкі гераічны ўчынак здзейсніць, каб супрацьпаставіць сябе сістэме!

РР: Атрымліваецца, што і Барысаў, і Печы – гарады больш прарасейскія, чым прабеларускія? Пытанне тычыцца не толькі вайскоўцаў…

Алег Мацкевіч: Такіх даследаванняў не праводзілася… Тут могуць быць ці мае асабістыя назіранні, ці мая інтуіцыя. Усё ж па-ранейшаму схіляюся на падзел па пакаленнях. Старэйшае пакаленне было, ёсць і застанецца савецкім. А маладыя, хто ўжо гадаваўся за часам Незалежнасці, хай нават і лукашэнкаўскай, – інфікаваныя, так бы мовіць, вірусам беларушчыны. Можа, тая беларушчына не такая, якая мае быць, але ж – з беларускай мовай… Яны – патрыёты рускамоўныя. Так, яны беларускія патрыёты, але ж рускамоўныя. З гэтым сцягам, які мы маем. З гэтым гербам, які мы маем. З гэтым дзяржаўным ладам, які мы маем. Сярод моладзі багата такіх людзей, таму што прапаганда незалежнасці хоць нейкі плён, але дае… 

РР: Хутчэй – эрзац-незалежнасці…

Алег Мацкевіч: Магчыма, так. Але ж варта працаваць над тым, каб гэты эрзац стаў нечым сапраўдным.

У сусветным рэйтынгу ўзброеных сілаў, складзеным арганізацыяй Global Firepower, Беларусь займае  45 радок. Але ж практыка паказвае, што ва ўзброеных канфліктах перамагаюць не рэйтынгі і колькасць танкавых дывізій, а баявы дух і сапраўдны патрыятызм.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by