Беларускага анархіста дэпартуюць з Расеі



резановічСуд Белгарада пастанавіў аштрафаваць беларускага анархіста Дзмітрыя Рэзановіча на 15 тысяч расейскіх рублёў і дэпартаваць у Беларусь, паведамляе сайт беларускага анархісцкага руху.

Дваццацічатырохгадовы жыхар Гомеля Дзмітрый Разановіч, удзельнік кіеўскага Майдана, быў затрыманы ўночы 14 сакавіка пры спробе перасекчы ўкраінска-расейскую мяжу з чужым пашпартам. Ён ехаў з Кіева ў Курск да сваякоў праз Маскву па пашпарце брата. Расейскія памежнікі перадалі Рэзановіча прадстаўнікам ФСБ. Чакалася, што пасля атрымання з Беларусі дакументаў, якія пацвярджаюць яго асобу, Рэзановіч будзе дэпартаваны на Радзіму, але гэтага не адбылося.

Праваабаронцы са спасылкай на свае крыніцы паведамлялі, што ўпраўленне ФСБ па Курскай вобласці нібыта абвінавачвае беларускага анархіста не толькі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, але і ў падрыхтоўцы тэракту на Курскай АЭС.

Паводле інфармацыі анархісцкага сайта, суд над Рэзановічам адбыўся яшчэ 3 ліпеня, аднак пра яго дэпартацыю ў Беларусь нічога не паведамляецца. Невядома таксама, на які тэрмін гомельскаму анархісту забаронены ўезд у Расею.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота abc-belarus.org