Беларуская амбасада заявіла, што словы Сямашкі вырвалі з кантэксту
Прэс-сакратар беларускай амбасады ў Расеі Алег Мазура ў каментары „Нашай Ніве” заявіў, што словы Уладзіміра Сямашкі пра агульны парламент, урад Беларусі і Расеі вырваныя з кантэксту.
У пятніцу амбасадар Беларусі ў Расеі прысутнічаў на ХIV міжнароднай канферэнцыі „Еўразійская эканамічная інтэграцыя” у Маскве. Там ён і пракаментаваў працэс узгаднення „дарожных мап” па далейшай інтэграцыі Беларуссю і Расеяй. Сямашка згадаў пра задачу „стварыць адзіны парламент і ўрад з пэўнымі паўнамоцтвамі, калі незалежныя Расея і Беларусь аддаюць наверх пэўныя кіраўнічыя функцыі з абавязковым выкананнем”.
Аднак Мазура перакананы, што Уладзімір Сямашка гаварыў пра іншае. „Калі ўважліва паслухаць запіс, то можна пачуць, што пасол робіць адсылку да саюзнай дамовы, дзе ўсё тое, што ён сказаў, непасрэдна вызначана, — кажа прэс-сакратар. — Таму каментары тут залішнія” дадаў ён.