«Беларуская апазіцыя меркантыльная і таму ўдзельнічае ў выбарах»
«Беларуская апазіцыя меркантыльная і таму ўдзельнічае ў выбарах», — кажа палітолаг Павел Усаў у праекце «Месца для прэсы». Апазіцыя плануе выставіць 195 кандыдатаў у 110 акругах на выбарах у Палату прадстаўнікоў у верасні гэтага года. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі кампаніі назірання «Права выбару-2016» у Менску намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра ўсю беларускую апазіцыю.
Паводле Паўла Усава матывацыя ўдзелу апазіцыі ў выбарах відавочная.
— У нас няма палітычных выбараў — сур’ёзнай кампаніі, якая магла б паўплываць на палітычнае становішча і агульную палітычную атмасферу ў Беларусі. Парламенцкую кампанію фарміруе не ўнутрана палітычная сітуацыя, а знешне палітычныя падзеі і сітуацыя вакол Беларусі. Перадусім, змена падыходу Захаду да Беларусі: разблакіроўка краіны, зняццё санкцыяў і дыялог з уладамі. Усё гэта стварае такія ўмовы, пры якіх байкот выбараў і палітычных працэсаў у Беларусі становіцца немагчымым з гледзішча менавіта супрацы апазіцыі з Захадам. Апазіцыя ўдзелам у выбарах перш за ўсё хоча паказаць Еўразвязу, што яна застаецца нібы партнёрам для Захаду, што з ёй трэба таксама весці нейкі дыялог, падтрымліваць і гэтак далей. А як гэта можна паказаць? Толькі праз удзел у кампаніі, якая па сутнасці ніякага сэнсу і выніку мець не будзе. Усё гэта робіцца выключна на вонкавы эфект дзеля дыялогу і нейкіх фінансавых праектаў з Захадам. Еўропе перш за ўсё патрэбнае падтрыманне той легітымнасці, таго міфу, што ў Беларусі з дэмакратыяй усё больш-менш стабільна, што эканамічная і палітычная сітуацыя стабільная і таму варта размаўляць з Лукашэнкам. А ўдзел апазіцыі ў гэтай кампаніі толькі падмацоўвае гэты міф адносна супрацы з Беларуссю. Гэта выгадна ўладам і новай стратэгіі Еўропы, але ніяк не адаб’ецца на сітуацыі ўнутры Беларусі: не палепшыць ні палітычнай, ні сацыяльнай дэмакратычных умоваў у нашай краіне. Каб не ўдзельнічаць у гэтай кампаніі трэба перш за ўсё мець нейкія прынцыпы: адштурхоўваць ад сябе ўсе нейкія фінансавыя праекты звязаныя з падтрымкай з боку Захаду і дзейнічаць паводле сур′ёзнага палітычнага падыходу. На жаль, у нашай краіне апазіцыя збольшага меркантыльная і глядзіць на сітуацыю з гледзішча сваіх уласных эгаістычных інтарэсаў і таму такое адбываецца.
РР: Калі паглядзець на перспектыву, наколькі мы сёння можам прадказаць, што парламенцкія выбары пройдуць як і прэзідэнцкія: спакойна, без закалотаў і так далей. Хіба так яно і выглядае: па-першае, тэрмін — адразу пасля лета, а па-другое, нічога не адбываецца.
— Безумоўна, можна ўжо прадказаць вынік выбараў, а не толькі атмасферу, у якой яны будуць адбывацца. Мяркую, што наўрад ці хто-небудзь з прадстаўнікоў апазіцыі трапіць у парламент, бо ўладам гэта абсалютна нявыгадна. Што да гэтых і дзіўных маніпуляцыяў унутры апазіцыі, маўляў Лукашэнку патрэбная фінансавая дапамога з Захаду і дзеля таго, каб яе атрымаць, ён прапусціць у парламент 1 – 2 апазіцыянераў, дык я ўпэўнены, што гэтага не адбудзецца, бо на сённяшні момант Лукашэнка атрымаў настолькі добрыя ўмовы ў адносінах з Захадам, якіх не было цягам усяго ягонага кіравання і напэўна, нават калі ў парламенце будзе не адзін два, а дзесяць апазіцыянераў, дык больш камфортных умоваў у адносінах з Захадам Лукашэнка не атрымае. Гэта першы момант. Другі той, што ў адносінах з Захадам не ідзе гаворкі пра нейкую геапалітычную пераарыентацыю Беларусі, таму ўсё абмяжоўваецца выключна пытаннямі фінансавання і дзеля гэтага Лукашэнку і кіруючай эліце Беларусі абсалютна няма сэнсу пускаць у парламент прадстаўнікоў апазіцыі. Па-трэцяе, трэба разумець, што на працягу гэтых гадоў улады стваралі імідж апазіцыі, як няўдачнікаў, маргіналаў, абсалютна няздольных мабілізаваць і атрымаць падтрымку з боку насельніцтва, і пропуск ці стварэнне магчымасці для апазіцыянераў увайсці ў парламент разбівае гэтую карціну, дзе апазіцыя выглядае як маргіналы і фактычна б’е перш за ўсё па ўладах. Выйдзе, што апазіцыя ўсё ж мае нейкую сілу, і што яна з’яўляецца альтэрнатывай. А менавіта стварэнне гэтай альтэрнатывы, нават на сімвалічным роўні, для ўладаў не карыснае. Што тычыцца агульных умоваў дык ніякай рэвалюцыі, ніякага бунту, тым больш бунту з боку апазіцыі, арганізаванага палітычнага супраціву на вуліцах не адбудзецца. Апазіцыя на сённяшні момант ніяк не з’яўляецца самастойным палітычным акторам, здольным неяк падцягнуць пад сябе незадаволенасць насельніцтва, якое, вядома, будзе расці, але і апазіцыя не зможа выкарыстаць цяжкай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі каб стварыць умовы скажам так прота-рэвалюцыі. Для беларусаў цяжкое але стабільнае эканамічнае становішча значна больш прыемнае за нейкую палітычную дэстабілізацыю ў краіне. Таму, ані насельніцтва не гатовае ісці на нейкія сур’ёзныя крокі для супрацьстаяння ўладам, ані апазіцыя няздольная арганізаваць сур’ёзны палітычны дэмарш супраць уладаў.
РР: А што было б, калі б беларуская апазіцыя ўвогуле не ўдзельнічала ў гэтых выбарах і яны прайшлі з праўладнымі кандыдатамі, якія б спакойна трапілі ў парламент. Ці Еўропу таксама задаволіў бы такі варыянт?
— Як я ўжо казаў: выбары ў парламент для Еўропы абсалютна не маюць аніякага значэння, бо калі яны прынялі выбары прэзідэнта: хоць і не прызналі іх фармальна, але знялі санкцыі і працягваюць дыялог з кіраўніком, які абсалютна не з’яўляецца легітымным з гледзішча права і нейкіх дэмакратычных працэдураў. Ягоная пазіцыя і сітуацыя ў Беларусі Захад задавальняе і выбары ў парламент гэта не тое, што не прыярытэт, але нават не другая і не трэцяя справа — гэта сотая справа па важнасці для Еўразвязу. Для Еўропы і Захаду абсалютна не мае значэння, які будзе парламент у Беларусі. Больш таго, трэба таксама падкрэсліць, што амаль у той жа самы час адбываюцца выбары ў расейскую Думу і гэта для Еўропы нашмат больш варты ўвагі чыннік, чым выбары ў Беларусі. І мы ведаем, і на Захадзе, тыя хто не згубіў здаровага сэнсу, таксама ведаюць, што парламент у Беларусі не гуляе ніякай ролі. Адзінае, што калі б выбары былі прызнаныя легітымнымі, а напэўна яны будуць збольшага такім прызнаныя з боку Захаду, можна было пачаць супрацу ў тым жа Еўранэсце ў межах Усходняга партнёрства. Але яно само па сабе абсалютна мёртвы праект і сур’ёзнага палітычнага кантэксту не мае. На захадзе выдатна разумеюць, што тая асоба, з якой варта весці дыялог — выключна Лукашэнка, а іншыя палітычныя інстытуты ў Беларусі ніякай палітычнай ролі не маюць.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 11 верасня.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя