Беларуская апазіцыя прэзентавала свой праект Канстытуцыі



Беларуская апазіцыя прэзентавала свой праект Канстытуцыі, наперадзе яе шырокае абмеркаванне. Працоўная група па стварэнні новай Канстытуцыі прапануе адмовіцца ад прэзідэнцкай формы кіравання і перайсці да парламенцкай рэспублікі.

Такія пастулаты ўпісаныя ў Новы праект Канстытуцыі, якую напярэдадні прэзентавалі сябры працоўнай групы па фарміраванні праекта Асноўнага закона, сярод якіх эксперт – Валерый Журакоўскі:

– Працоўная група распрацавала зусім новую рэдакцыю праекту Канстытуцыі, якая адказвае на выклік часу. У новым праекце прапануецца правесці змены з прэзідэнцкай на парламенцкую форму праўлення. Дзе менавіта парламент будзе прызначаць прэм’ер-міністра, зацвярджаць урад. А ўрад у сваю чаргу будзе справаздачыцца і адказваць перад парламентам. Прэзідэнт у гэтай сістэме будзе выконваць прадстаўнічыя функцыі.

Найбольшая праблема Канстытуцыі, якая дзейнічае сёння – прынятая ў сакавіку 1994 года і змененая ў лістападзе 1996 года на рэферэндуме – гэта гіперпрэзыдэнцкая форма кіравання. А таксама – пытанні правоў чалавека. У Канстытуцыі, якую прапаноўвае беларуская апазіцыя, гэтае пытанне вырашаецца. На дзяржаву накладаецца абавязак абароны правоў кожнага грамадзяніна. Заўважае сябра працоўнай групы Алена Яскова:

– Правам і свабодам прысвечана 49 артыкулаў нашага праекту. Гэта самы вялікі і адзін з найважнейшых раздзелаў у праекце нашай Канстытуцыі. Мы пастараліся ўсе аспекты чалавечага жыцця і рэалізацыі асабістых правоў, грамадзянскіх правоў, палітычных правоў прадугледзець у адпаведнасці з дэмакратычнымі падыходамі.

Закранаюць стваральнікі праекта новай Канстытуцыі і пытанне мовы, адукацыі і смяротнага пакарання. Наперадзе шырокае абмеркаванне. 15 сакавіка, у дзень гадавіны прыняцця першай дэмакратычнай Канстытуцыі 1994 года – ладзіцца міжнародная канферэнцыя. Далей сябры працоўнай групы плануюць  выходзіць на больш шырокія пляцоўкі ды ехаць у рэгіёны.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: by.odb-office.eu