Беларуская апазіцыя супраць адмены санкцыяў



Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці прапануюць Еўразвязу не зніжаць ровень маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і працягваць у сувязі з гэтым ціск на афіцыйны Менск. «Мы маем у гэтай справе адзіную пазіцыю,» – кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

— Мы літаральна ўчора ўзгаднілі зварот да міжнароднай супольнасці: да Бруселя, да Вашынгтона, які пагадзіліся падпісаць і Аб’яднаная грамадзянская партыя, Статкевіч, рух Мілінкевіча, Беларускія хрысціянскія дэмакраты, Някляеў, — 7-8 лідараў асноўных палітычных структур зафіксавалі сваю пазіцыю. Мы супраць таго, каб перад выбарчай кампаніяй здымаць санкцыі з чыноўнікаў, якія сістэматычна парушалі і Канстытуцыю і міжнародныя абавязкі Беларусі.

Неўзабаве Еўразвяз мае прыняць рашэнне аб санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека і фальсіфікацыі на выбарах. Пытанне па Беларусі будзе разглядацца 15 лютага Радай Еўразвязу па замежных справах.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя