Беларуская апазіцыя сустрэлася з дыпламатамі краін ВГ



Прадстаўнікі беларускай апазіцыі сустрэліся з палітычнымі дырэктарамі міністэрстваў замежных спраў краін Вышаградскай групы (ВГ) Іванам Естржабам (Чэхія), Левентэ Бенкё (Венгрыя), Багумілай Ордык (Польшча) і Петэрам Мішыкам (Славакія).

„Абмяркоўвалі магчымыя рашэнні пра адмену або прадаўжэнне мараторыя на зняцце санкцый ЕЗ у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, а таксама аб сітуацыі ў кантэксце маючых адбыцца ў гэтым годзе парламенцкіх выбарах”, — сказаў прысутны на паседжанні лідар АГП Анатоль Лябедзька:

– Кіраўнік групы сказаў, што на сённяшні дзень гатовага рашэння няма, усё будзе прымацца па выніках дыскусіі, якая адбудзецца 15 лютага. Такой жа нейтральнай пазіцыі прытрымліваюцца і прадстаўнікі Славакіі і Польшчы. І толькі дыпламат з Венгрыі быў больш шчырым, быў крыху бліжэй да палітыкі, чым да дыпламатыі. Па ягоных выказваннях я адчуваю, што, напрыклад, мы можам гаварыць, што Венгрыя за тое, кааб на сённяшні дзень пачаць стасункі з Лукашэнкам з новага ліста.

З беларускага боку ў сустрэчы апрача Анатоля Лябедзькі ўдзельнічалі Юрась Губарэвіч, Таццяна Караткевіч, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі і Аляксей Янукевіч.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя