Беларуская апазіцыя сустрэлася з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента ЗША



Прадстаўнікі беларускай апазіцыі сустрэліся ў Менску з памочнікам дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк і намеснікам памочніка дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Робертам Бершынскім.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які прысустнічаў на сустрэчы, па яе выніках заявіў, што мэта візіту амерыканскіх дыпламатаў – патлумачыць беларускім уладам, што рабіць, каб  ісці ў бок дэмакратычных зменаў у краіне.

– Я так зразумеў, што яны на пальцах будуць тлумачыць беларускім уладам, што трэба рабіць, каб рухацца наперад, а не стаяць на месцы. Гэта не засакрэчана, гэта тое, што і раней стаяла ў парадку дня – выбары па стандартах АБСЕ, тое, што мы называем пашырэннем прасторы свабоды. Гэта звязана і з рэгістрацыяй палітычных структур, і з большымі мажлівасцямі для незалежных СМІ, гэта тыя каштоўнасці, якія існуюць у ЗША, на якіх базуецца дзейнасць многіх міжнародных арганізацый, чальцом якіх у тым ліку з’яўляецца і Беларусь.

29 кастрычніка Міністэрства фінансаў ЗША прадоўжыла да 30 красавіка 2016 года, але пры гэтым часткова змякчыла, санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Па словах Анатоля Лябедзькі, перад гэтым беларуская апазіцыя была праінфармавана аб такім рашэнні Злучаных Штатаў.

“Прыпыненне  санкцый ЗША для беларускіх уладаў – гэта ўсяго толькі прыпыненне”, – такую выснову зрабіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўшскі пасля сустрэчы апазіцыі з прадстаўнікамі Дзярждэпартаменту ЗША, якая адбылася ў Менску.

– ЗША ўсур’ёз разглядаюць магчымсці паўплываць на тое, каб змены ў Беларусі былі сапраўды рэальнымі. Прадстаўнікі Дзярждэпартаменту ў курсе палітычнай сітуацыі ў Беларусі і той выбарчай сітуацыі, якая ў нас склалася. Мы сказалі, што сапраўды трэба зрабіць, каб гэта былі не паказныя змены, а сапраўдныя.

Памочнік дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк і намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Роберт Бершынскі пасля сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл правядуць перамовы з беларускімі ўладамі. Як чакаецца, будуць амберкаваны ў тым ліку рэформы, скіраваныя на паляпшэнне сітуацыі з дэмакратыяй ў Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя