Пачала працу беларуская частка рабочай групы па інтэграцыі з Расеяй



Беларуская частка міжурадавай рабочай групы па паглыбленні інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы пачала працу, паведаміў журналістам у Менску 24 студзеня яе кіраўнік — міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.

„Пачалі, і вельмі актыўна. Зараз і ў Маскве, і ў Менску праводзіцца рэвізія тых дамоўленасцяў, якія былі ў папярэднія гады”, — паведаміў ён.

Паводле слоў Крутога, вынікам дзейнасці рабочай групы павінна стаць дарожная карта далейшай інтэграцыі.

Міністр падкрэсліў, што прадстаўнікі дзвюх краін маюць намер правесці першую сумесную сустрэчу на працягу месяца. „Пакуль расейскія калегі з такой ініцыятывай не выходзілі. Але я думаю, што на працягу найбліжэйшага месяца мы ўжо сустрэнемся”, — сказаў Крутой.

Дамоўленасць аб стварэнні рабочай групы па рашэнні праблемных пытанняў стала вынікам перамоў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і яго беларускага калегі Аляксандра Лукашэнкі, якія прайшлі ў канцы снежня ў Маскве. З расійскага боку яе ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, з беларускага — міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.

23 студзеня падчас наведвання Гомеля пасол РФ Міхаіл Бабіч паведаміў, што расейская частка міжурадавай рабочай групы па паглыбленні інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы пачала працу. „Цяпер ідзе поўная інвентарызацыя ўсіх палажэнняў Саюзнай дзяржавы па эканамічных, сацыяльных, адміністрацыйных пытаннях, органах дзяржаўнага кіравання, бяспекі, — заявіў Бабіч. — Усе аспекты дагавора 1999 года зараз разглядаюцца адпаведнымі органамі ўлады. Гэтая праца ідзе, і, як толькі прапановы будуць зведзеныя, расійскі бок прапануе іх беларускім партнёрам паглядзець і даць свае прапановы і заўвагі. Разлічваем, што беларускі бок робіць тое ж самае, люстрана”.

belapan.by

Фота: скрыншот з YouTube