Беларуская дыяспара ў Злучаных Штатах звярнулася да амбасады Беларусі
Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах звярнуліся да амбасады Беларусі. У звароце гаворыцца:
– Мы, прадстаўнікі беларускай дыяспары ЗША, звяртаемся да Вас, каб выказаць сваю велізарную занепакоенасць і абурэнне тымі падзеямі, якія сёння адбываюцца на нашай Бацькаўшчыне. З самага пачатку выбарчай кампаніі назіраюцца рэпрэсіі супраць грамадзян Беларусі. За кратамі апынуліся кандыдаты ў прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта, кіраўнікі і чальцы іх ініцыятыўных груп, актывісты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Удзельнікаў мірных пікетаў і звычайных мінакоў сярод белага дня збіваюць і выкрадаюць невядомыя ў цывільным. У гэтыя цяжкія часы Айчына сапраўды адчувае патрэбу ў кожным з нас. Мы спадзяемся, што Вам на самай справе не абыякавы лёс нашай краіны, і таму заклікаем Вас перадаць гэты зварот Вашым калегам, кіраўніцтву МЗС. Мы шчыра спадзяемся, што яны таксама цалкам разумеюць складанасць сітуацыі і зычуць лепшай долі беларускаму народу, – гаворыцца ў звароце беларускай дыяспары да амбасады Беларусі ў ЗША.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: moyby.com