Беларуская партыя „Зялёныя” адмовілася ад удзелу ў выбарах



Беларуская партыя „Зялёныя” не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года і вылучаць уласнага кандыдата, гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай цэнтральным камітэтам арганізацыі 11 мая.

Партыя лічыць, што рашэнне Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу аб прызначэнні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня практычна зрушыла першую частку выбарчай кампаніі на пік пандэміі каронавіруса і „стварыла няроўныя ўмовы для кандыдатаў”.

„Збор подпісаў пройдзе з 21 мая па 19 чэрвеня, на гэты прамежак часу прыпадае разгар эпідэміі COVID-19 у Беларусі. Улады самаўхіліліся ад вырашэння гэтай праблемы, не прапанаваўшы бяспечны для членаў каманд кандыдатаў і выбаршчыкаў спосаб кантакту падчас кампаніі”, — гаворыцца ў заяве.

„Папярэднія паводзіны ўладаў дазваляюць нам заявіць, што падчас гэтай кампаніі будуць задзейнічаныя традыцыйныя механізмы фальсіфікацыяў, а праўладныя кандыдаты будуць выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс, — заўважаюць „Зялёныя”. — У якасці кандыдатаў будуць выстаўленыя асобы, мэта якіх — стварыць бачнасць канкурэнцыі ў электаральным працэсе, у тым ліку і такія, якія карыстаюцца падтрымкай буйнога бізнесу. У сваю чаргу дэмакратычных кандыдатаў паставілі ва ўмовы, якія пазбаўляюць іх шансаў сабраць 100 тысяч подпісаў”.

Пры гэтым, падкрэсліваюць у партыі, магчымая забарона назіральнікам удзельнічаць у пасяджэннях камісій на справе не ставіць мэтай абарону ад заражэння каранавірусам. „Па гэтай логіцы, выбары ўвогуле трэба было б адмяніць. Падаецца, што мэта адхілення назіральнікаў — перашкодзіць гарантаванаму законам грамадскаму кантролю над працэсам выбараў”, — адзначаецца ў заяве.

„Зялёныя” звяртаюць увагу ўладаў на неабходнасць несці адказнасць за здароўе і жыццё грамадзян, на абавязак забяспечыць роўны доступ да выбарчага працэсу ўсіх яго ўдзельнікаў і арганізаваць дэмакратычныя і справядлівыя выбары.

„Ва ўмовах, калі беларускія ўлады фактычна самаўхіліліся ад сваіх абавязкаў”, партыя заклікае грамадзян клапаціцца пра сваё здароўе самастойна.

Рашэнне аб прызначэнні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня было прынятае ніжняй палатай парламента 8 мая. Да 15 мая прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта павінны падаць дакументы на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп.

Пра няўдзел у кампаніі напярэдадні заявілі Партыя БНФ (з-за адсутнасці змен у выбарчым заканадаўстве і пандэміі каранавіруса COVID-19) і Беларуская партыя левых „Справядлівы свет” (з-за каранавіруса). Адмененая кампанія (праймерыз) па выбары адзінага кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і руху „За Свабоду” (з-за пандэміі і палітычных рэпрэсій).

belapan.by